РАМАЗА́Н, рамадан,

дзевяты месяц мусульманскага месяцавага календара (хіджры). Паводле догмы ісламу, у гэтым месяцы быў дараваны людзям Каран. У Р. мусульмане павінны прытрымлівацца посту (гл. Ураза).

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прамысловых запасаў узнаўляльных прыродных рэсурсаў, якія мае асобная краіна ці рэгіён. Для рацыянальнага выкарыстання П.р. неабходна прытрымлівацца пэўных аб’ёмаў эксплуатацыі, якія не перавышаюць здольнасць папуляцый да самаўзнаўлення, выкарыстоўваць метады экстэнсіўнага, штучнага ўзнаўлення (напр. з дапамогай рыбагадоўчых гаспадарак і інш.). Звесткі аб П.р. заносяць у прамысловы кадастр.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КАЗ у логіцы.

спосаб абгрунтавання (вызначэння) ісціннасці выказвання, меркавання, тэорыі з дапамогай лагічных вывадаў і практычных сродкаў (назіранне, эксперымент). Д. не стварае ісціннасці выказвання, яна аб’ектыўная і выяўляецца з дапамогай Д. У лагічнай структуры Д. вызначаюць: тэзіс — сцвярджэнне, якое трэба даказаць, аснову (аргументы) — сцвярджэнні, з дапамогай якіх даказваецца тэзіс, і дэманстрацыю — выснову ці ланцуг высноў, з дапамогай якіх тэзіс выводзіцца з аргументаў. Паводле спосабу вядзення Д. падзяляюць на прамыя і ўскосныя. а па форме вывадаў — на дэдуктыўныя і індуктыўныя. У прамым Д. тэзіс лагічна выцякае з асновы, ва ўскосным — даказваецца памылковасць антытэзіса (суджэння, што супярэчыць тэзісу) і па выключанага трэцяга прынцыпу тэзіс прымаецца ў якасці ісціннага. Пры Д. тэзіса ці антытэзіса абавязкова трэба прытрымлівацца правіла Д., а каб Д. быў паспяховым, неабходна прытрымлівацца правіл, што прад’яўляюцца да тэзіса і аргументаў. Але не ўсе выказванні падлягаюць Д. Са стараж. часоў Д. быў у цэнтры ўвагі логікаў і філосафаў, ён выкарыстоўваецца ва ўсіх навуках і ў паўсядзённых зносінах людзей.

В.​М.​Пешкаў.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,

дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1927,

канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі і Японіі. Праходзіла 14—16 чэрв. ў час сесіі Савета Лігі Нацыі, склікана пасля разрыву англ.-сав. дыпламат. і гандл. пагадненняў (май 1927). Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі О.​Чэмберлен прапанаваў прыняць дэкларацыю «супраць прапаганды Камінтэрна», якая магла б стаць платформай адзінага антысав. фронту. Удзельнікі Ж.к. не падтрымалі Чэмберлена і прынялі камюніке, дзе абавязваліся прытрымлівацца ўмоў Лакарнскіх дагавораў 1925 аб непарушнасці герм.-франц. і герм.-бельг. граніц, вызначаных Версальскім мірным дагаворам 1919.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ДЗЕВЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ў аб Кітаі.

Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Японіі і Кітая. Паводле дагавора абвешчаны прынцып суверэнітэту і тэр. цэласнасці Кітая, бакі абавязваліся прытрымлівацца ў Кітаі прынцыпу «роўных магчымасцей» у гандл. і прадпрымальніцкай дзейнасці, не выкарыстоўваць унутрыкіт. абставіны з мэтай атрымання спец. правоў і прывілеяў, якія маглі прычыніць страты правам і інтарэсам інш. дзяржаў — удзельніц дагавора; Японія адмовілася ад свайго манапольнага становішча ў Кітаі і абавязалася вярнуць яму былыя герм. канцэсіі ў Шаньдуні, вывесці адтуль свае войскі. Дагавор парушыла Японія, якая ў 1937 развязала вайну супраць Кітая.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНАЯ БЛАКА́ДА,

эканамічная палітыка Францыі ў адносінах да Вялікабрытаніі ў 1806—14. Абвешчана дэкрэтам імператара Напалеона I Банапарта ад 21.11.1806 з мэтай зламаць супраціўленне Вялікабрытаніі ў барацьбе за гегемонію ў Еўропе і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця франц. прам-сці. Саюзным і падуладным Францыі дзяржавам было забаронена весці гандаль, падтрымліваць паштовыя і інш. зносіны з Брыт. а-вамі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 да К.б. вымушана далучыліся Расія і Прусія. Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі большасць краін перасталі прытрымлівацца ўмоў блакады. Фармальна адменена ў сувязі з адрачэннем Напалеона I ад прастола (крас. 1814).

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РСАНС ((Parsons) Талкат) (13.12.1902, г. Каларада-Спрынгс, ЗША — 8.5.1979). амерыканскі сацыёлаг, стваральнік тэорыі дзеяння сацыяльнага. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (?). З 1927 у Гарвардскім ун-це, у 1946—56 узначальваў аддзяленне сац. адносін. З 1949 прэзідэнт сацыялаг. асацыяцыі. Распрацаваў тэорыю сістэм дзеяння, якая абапіралася на прынцып змены, інтэграцыі і стабільнасці. У яе аснове — вывучэнне сац. рэальнасці, арганізаванай рацыянальна і сістэмна. Паводле П., грамадства — вял. сацыяльная супольнасць, якая для выжывання і развіцця павінна прытрымлівацца адзінай культ. арыентацыі і прадстаўляць сваім членам дастатковы набор ролевых магчымасцей для рэалізацыі фундаментальных патрэб асобы і самога грамадства. Аўтар прац «Структура сацыяльнага дзеяння» (1937),

«Сацыяльная сістэма» (1951), «Сацыяльная сістэма і эвалюцыя тэорыі дзеяння» (1977), «Тэорыя дзеяння і ўмовы чалавечага існавання» (1978) і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАВУЧА́ННЕ УЛАДЗІ́МІРА МАНАМА́ХА»,

помнік стараж.-рускай пісьменнасці 12 ст.; першы свецкі літ. твор. Напісана вял. кн. кіеўскім Уладзімірам Манамахам як запавет-настаўленне сваім дзецям. Створаны ў форме аўтабіяграфіі, твор прасякнуты дыдактычнымі павучаннямі і думкамі дзярж., паліт. і этнічнага характару. Аўтар наказвае сваім дзецям строга прытрымлівацца феад. правапарадку і дагавораў, кіравацца інтарэсамі дзяржавы, а не эгаістычнымі памкненнямі. Сцвярджаючы ідэал князя-патрыёта, цвёрдага ў рашэннях, адважнага ў паходах, Уладзімір Манамах навучаў іх быць працавітымі, імкнуцца да ведаў, маральнай дасканаласці. Асэнсоўваючы сваё жыццё, якое прайшло ў шматлікіх ваен. паходах, ён завяшчае нашчадкам прынцыпы гуманнасці і справядлівасці. У помнік уключана таксама пісьмо Уладзіміра Манамаха чарнігаўскаму кн. Алегу Святаславічу, якое вызначаецца веліччу бацькоўскага пачуцця, лірызмам і паэтычнасцю. Захавалася ў Лаўрэнцьеўскім летапісе.

Публ.:

Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978. С. 392-413, 459-463.

Літ.:

Лихачев Д. Великое наследие. 2 изд. М., 1980.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЕ́ТА (ад грэч. diaita склад жыцця, рэжым харчавання),

рацыён харчавання чалавека, які прадугледжвае пэўныя колькасныя і якасныя суадносіны харч. рэчываў і прадуктаў, спосабы кулінарнай апрацоўкі, інтэрвалы ў прыёме ежы. Распрацоўкай і рэкамендацыямі Д. для хворага займаецца дыеталогія. Д. складаецца з улікам фізіял. патрэбнасці арганізма ў харч. рэчывах і энергіі, хім. складзе і кулінарнай апрацоўкі ежы, характару паталаг. працэсу, яго стадыі, актыўнасці і функцыян. расстройстваў, тыповых для дадзенай хваробы; базіруецца на законах рацыянальнага харчавання — фізіялагічна паўнацэннага харчавання з улікам асаблівасцей чалавека.

Д. найчасцей назначаюць пры пэўнай хваробе (гастрыце, язвавай хваробе, інфаркце міякарда і інш.), пры хранічных хваробах страўнікава-кішачнага тракту, абмену рэчываў, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, для прафілактыкі, калі чалавек ачуньвае пасля хваробы, аперацыі. Пры хваробах унутр. органаў хворы павінен прытрымлівацца пэўнай Д. доўга, іншы раз усё жыццё. У лячэбна-прафілакт. установах адзіная нумарная сістэма Д. (ад № 1 да 15). Адрозніваюць таксама разгрузачныя Д. (1—2 дні ў тыдзень). Д. жывёл — рэжым кармлення хворай жывёлы.

М.​Ф.​Сарока.

т. 6, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)