ДЫЕ́ТА (ад грэч. diaita склад жыцця, рэжым харчавання),
рацыён харчавання чалавека, які прадугледжвае пэўныя колькасныя і якасныя суадносіны харч. рэчываў і прадуктаў, спосабы кулінарнай апрацоўкі, інтэрвалы ў прыёме ежы. Распрацоўкай і рэкамендацыямі Д. для хворага займаецца дыеталогія. Д. складаецца з улікам фізіял. патрэбнасці арганізма ў харч. рэчывах і энергіі, хім. складзе і кулінарнай апрацоўкі ежы, характару паталаг. працэсу, яго стадыі, актыўнасці і функцыян. расстройстваў, тыповых для дадзенай хваробы; базіруецца на законах рацыянальнага харчавання — фізіялагічна паўнацэннага харчавання з улікам асаблівасцей чалавека.
Д. найчасцей назначаюць пры пэўнай хваробе (гастрыце, язвавай хваробе, інфаркце міякарда і інш.), пры хранічных хваробах страўнікава-кішачнага тракту, абмену рэчываў, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, для прафілактыкі, калі чалавек ачуньвае пасля хваробы, аперацыі. Пры хваробах унутр. органаў хворы павінен прытрымлівацца пэўнай Д. доўга, іншы раз усё жыццё. У лячэбна-прафілакт. установах адзіная нумарная сістэма Д. (ад № 1 да 15). Адрозніваюць таксама разгрузачныя Д. (1—2 дні ў тыдзень). Д. жывёл — рэжым кармлення хворай жывёлы.
М.Ф.Сарока.
т. 6, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)