ПРЫСЯ́ГА,

афіцыйнае і ўрачыстае абяцанне (клятва), якую даюць асобныя катэгорыі грамадзян у адпаведнасці з іх статутным становішчам у дзяржаве і грамадстве. П. прыносяць кіраўнікі дзяржаў (напр., Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з арт. 83, 84 Канстытуцыі дае клятву народу краіны), некаторыя катэгорыі дзярж. служачых (напр., прысяжныя засядацелі, прысяжныя павераныя), ваеннаслужачыя (гл. Прысяга ваенная), супрацоўнікі МУС, КДБ і інш. Урачы даюць клятву Гіпакрата. Гл. таксама Прысяга беларускага партызана.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Чырвоная прысяга, гл. Ваенная прысяга

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ваенная прысяга 2/195, 551

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ ПРЫСЯ́ГА,

гл. Прысяга ваенная.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прысяга беларускага партызана 8/117, 262, 607

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,

урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр. вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ГА БЕЛАРУ́СКАГА ПАРТЫЗА́НА,

урачыстая клятва партызан змагацца супраць акупантаў да поўнага іх выгнання з бел. зямлі. У грамадз. вайну 1918—20 у бел. партызан была прысяга «Дзесяць запаведзей чырвоных партызанаў Беларусі». У Вял. Айч. вайну прысягу прымалі з пачатку партыз. руху, тэксты выпрацоўвалі непасрэдна ў атрадах. У пач. жн. 1941 ЦК КП(б)Б і партыз. школа (каля Гомеля) распрацавалі і надрукавалі ў газ. «Звязда» і лістоўках адзіны тэкст прысягі, якія з самалётаў былі скінуты над Беларуссю. 12.5.1942 на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Вярх. Савета БССР і Бюро ЦК КП(б)Б зацверджаны тэкст (гл. іл.) і парадак яе прыняцця. З дапамогай авіяцыі Калінінскага і Зах. франтоў, самалётаў, што былі ў распараджэнні ЦК КП(б)Б, лістоўкі з яе тэкстам (100 тыс. экз.) былі распаўсюджаны ў раёнах дыслакацыі партызан. П.б.п. прымалі перад строем атрада пад сцягам.

Прысяга беларускага партызана.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫ́КУЛ ВО́ІНСКІ,

першы вайскова-крымінальны і вайскова-працэсуальны кодэкс Расіі. Распрацаваны ў перыяд стварэння Пятром I рэгулярнай арміі. Выдадзены ў 1715. Нормы артыкула воінскага выкарыстоўваліся ў агульнацывільных судах. Дзейнічаў да выдання ў 1839 вайскова-крымінальнага статута.

Паводле артыкула воінскага найб. цяжкімі злачынствамі лічыліся здрада, замах на воінскіх начальнікаў, невыкананне загаду, дзеянні супраць дзяржавы, арміі і інш. Артыкул воінскі прадугледжваў меры пакарання: біццё бізунамі, шпіцрутэнамі, клеймаванне жалезам, высылку на катаргу, пакаранне смерцю і інш. Артыкул воінскі змяшчаў таксама артыкулы аб вартаўнічай ахове, у яго была ўнесена воінская прысяга і інш. У 18—19 ст. артыкулам называлі, акрамя таго, параграф статута, а таксама ружэйныя прыёмы.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМАХО́ЎСКІ (Фадзей Уладзіслававіч) (1858, каля г. Пінск — ?),

бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1873—77), у Кракаве ў Я.Матэйкі. У 1907 выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу. Пісаў кампазіцыі на гіст. тэмы і пейзажы («Прысяга князя», «Лясная глуш»). Аўтар серыі малюнкаў гербаў бел. гарадоў для «Гербоўніка літоўскага», які публікаваўся ў пач. 20 ст. ў віленскіх час. «Kwartalnik Litewski» («Квартальнік літоўскі») і «Litwa i Rus» («Літва і Русь»). Вядома яго графічная серыя партрэтаў польскіх каралёў (Леха, Крака, Мешкі II, Пяста і інш.), гіст. асоб (Т.​Касцюшкі, Напалеона) і дзеячаў культуры (А.​Міцкевіча і інш.).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-ФІЛІПІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1901,

каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс. чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.​Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.​Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)