ПРЫСТАСАВА́ЛЬНАЯ АФАРБО́ЎКА І ФО́РМА,

гл. ў арт. Ахоўныя прыстасаванні, Мімікрыя.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРФУ́НКЦЫЯ (ад гіпер... + функцыя),

павышаная дзейнасць органа, тканкі, сістэмы арганізма. Узнікае як прыстасавальная рэакцыя (напр., павелічэнне памераў і сілы скарачэння сардэчнай мышцы ў спартсменаў) ці як парушэнне ў арганізме, што выклікае хваробу (пры гіперфункцыі шчытападобнай залозы, павелічэнні выпрацоўкі ёй гармонаў узнікае гіпертырэоз).

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗО́ЛЬ,

лакальны балючы ўчастак празмернага патаўшчэння рагавога слоя эпідэрмісу скуры (гіперкератозу) чалавека. Узнікае як ахоўная прыстасавальная рэакцыя скуры на месцы працяглага мех. ўздзеяння, найчасцей на далонях, падэшвах і інш. Мае выгляд шчыльных жаўтаватых, брудна-шэрых ці карычневых патаўшчэнняў. Лячэнне тэрапеўтычнае. М. ёсць таксама ў некат. млекакормячых (вярблюдаў, прыматаў).

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАМА́НКА,

ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма вышэйшых жывёл і чалавека на ўздзеянне інфекцый, прадуктаў жыццядзейнасці бактэрый, траўмаў і інш. Выяўляецца павышэннем т-ры цела. У большасці выпадкаў Л. ўзмацняе імунітэт. Пры т-ры цела вышэй за 41 °C можа выклікаць парушэнне абмену рэчываў (павялічваецца распад бялку), сардэчна-сасудзістай, дыхальнай дзейнасці і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛЕ́ННЕ,

мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)