Прысадкі 4/322; 8/52, 606

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСА́ДКІ,

1) рэчывы, якія дабаўляюцца ў малых колькасцях да паліва і тэхн. масла для паляпшэння іх эксплуатацыйных характарыстык.

П. да паліва паляпшаюць працэсы згарання, садзейнічаюць нязменнасці эксплуатацыйных уласцівасцей, аблягчаюць выкарыстанне паліва пры нізкіх т-рах і інш. Найб. пашыраныя П.: антыдэтанатары (напр., тэтраэтылсвінец), антыаксіданты, інгібітары хімічныя. П. да змазачных матэрыялаў паводле прызначэння падзяляюць на вязкасныя (паляпшаюць вязкасна-тэмпературныя ўласцівасці), дэпрэсарныя (зніжаюць т-ру застывання масла на 20—30 °C), антыакісляльныя (засцерагаюць масла ад акіслення пры высокіх т-рах), процікаразійныя, процізносныя, шматфункцыян. і інш. 2) Матэрыялы, якія ўводзяць у вадкі метал з мэтай змянення саставу і ўласцівасцей металу ці шлаку. Адрозніваюць П. шлакаўтваральныя (вапна, плавікавы шпат, баксіт), акісляльныя (акаліна, аксіды металаў), П. для легіравання (ферасплавы, лігатуры).

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТАВАЕ МА́СЛА,

мінеральнае масла, прадукт перапрацоўкі высокакіпячых (300—600 °C) нафтавых фракцый: вадкая сумесь парафінавых, нафтэнавых, араматычных і нафтэна-араматычных вуглевадародаў, а таксама іх гетэравытворных.

Паводле спосабу вытв-сці падзяляецца на дыстылятнае (атрымліваюць дыстыляцыяй мазуту), астаткавае (прадукты ачысткі гудрону) і кампаўндавае (сумесь дыстылятнага і астаткавага Н.м.), паводле галін выкарыстання — на белае масла, змазачнае масла, ізаляцыйныя маслы, кансервацыйнае масла. Для надання неабходных эксплуатацыйных уласцівасцей у Н.м. дадаюць прысадкі. На аснове Н.м. (без прысадак) атрымліваюць гідраўлічныя і змазачна-ахаладжальныя вадкасці, тэхнал. і пластычныя змазкі.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «НАФТА́Н».

Створана ў 1992 на базе Полацкага нафтаперапр. з-да (пабудаваны ў 1958—63); з 1976 Наваполацкі нафтаперапр. з-д, у 1980—92 ВА «Наваполацкнафтааргсінтэз». Перапрацоўвае да 12 млн. т нафты за год. Нафта паступае па адгалінаванні магістральнага нафтаправода «Дружба». Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны розных марак, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, паліўны мазут, змазачнае масла, бензол, талуол, параксілол, артаксілол, розныя маркі буд., дарожных і дахавых бітумаў, серная кіслата, прысадкі да змазачных маслаў, быт. газ, растваральнікі.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАГАЛО́Л, 1,2,3-трыгідраксібензол, пірагалолавая кіслата,

многаатамны фенол, C6H3(OH)3.

Бясколерныя крышталі, якія на святле шарэюць, tпл 133—134 °C, шчыльн. 1453 кг/м³. Добра раствараюцца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Лёгка акісляецца; шчолачныя растворы П. хутка і колькасна паглынаюць малекулярны кісларод. У прам-сці атрымліваюць піролізам (дэкарбаксіліраваннсм) галавай кіслаты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў для футра і валасоў, у арган. сінтэзе (як аднаўляльнік), фатаграфіі (праяўляльнае рэчыва), газааналізатарах (паглынальнае рэчыва), у якасці прысадкі да змазачнага масла. Выклікае дэрматозы; ГДК у вадзе 0,1 мг/л.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)