ГА́НСЛІК ((Hanslick) Эдуард) (11.9.1825, Прага — 6.8.1904),

аўстрыйскі музыказнавец. Вучыўся ў Пражскім і Венскім (з 1856 выкладаў у ім) ун-тах. Трактатам «Аб музычна-прыгожым» (1854) пачаў дыскусію аб праграмнай і «чыстай» («абсалютнай») музыцы. Яго асн. ідэя — «муз. змест ёсць рух гукавых формаў» — сцвярджала муз. мастацтва як асобую, ізаляваную галіну духоўнай дзейнасці, пры тлумачэнні якой не прыдатныя немуз. асацыяцыі. Крытыкаваў палажэнне афектаў тэорыі і погляды франц. асветнікаў, што лічылі вызначальным пачаткам муз. выразнасці інтанацыі чалавечай мовы. Прынцыповы прыхільнік інструментальнай музыкі (у асн. І.​С.​Баха, венскіх класікаў, І.​Брамса), адмоўна выказваўся аб рамантычнай праграмнай і опернай музыцы, пераважна Ф.​Ліста і Р.​Вагнера. Яго працы і крытычная дзейнасць стымулявалі паглыбленае вывучэнне ўнутр. заканамернасцей музыкі, у т. л. стварэнне тэорыі муз. стыляў Т.Рымана і Т.Адлера.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).

Тв.:

Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;

Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;

Спатканні і ростані. Мн., 1978;

Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСТ ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,

здольнасць чалавека ўспрымаць і ацэньваць эстэт. ўласцівасці з’яў і прадметаў, адрозніваць прыгожае і агіднае. У выпадках ацэнкі твораў мастацтва густ эстэтычны называецца маст. густам. Праяўляецца пераважна як сістэма асобасных прыхільнасцей, якія арыентуюцца на агульнапрынятыя эстэт. ацэнкі. Уяўляе сабой эмацыянальна-рацыянальнае засваенне рэчаіснасці, выступае як адзінства эстэт. пачуцця і эстэт. ідэалу (найвышэйшага крытэрыя эстэт. ацэнкі). Праблема густу эстэтычнага атрымала асаблівае развіццё ў эстэтыцы 17—18 ст. (Б.​Грасіян-і-Маралес). Франц. філосафы-асветнікі і эстэтыкі класіцызму (Н.​Буало, Ш.​Бацё, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Вальтэр і інш.) трактавалі густ эстэтычны з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. У англ. сенсуалістычнай эстэтыцы (А.​Шэфтсберы, Г.​Хом і інш.) густ эстэтычны звязвалі з характарам чалавечых адчуванняў і этычнымі нормамі. Суб’ектыўнасць густу эстэтычнага акцэнтавалася Д.​Юмам. Густ эстэтычны І.​Кант абгрунтоўваў як прынцыповы суб’ектывізм і прыроджаны характар, лічыў з’явай адначасова грамадскай і індывідуальнай. Марксісцка-ленінская эстэтыка разглядала густ эстэтычны перш за ўсё як сац.-гіст. з’яву. У аналізе густу эстэтычнага рус. рэв.-дэмакр. эстэтыкі акцэнт рабіўся на сац.-гіст. ўмовы фарміравання асобы.

У бел. культуры цікавасць да праблемы густу эстэтычнага пачынаецца з эпохі Адраджэння (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына). У спасціжэнні прыроды густу эстэтычнага Сімяон Полацкі і М.​Сарбеўскі абапіраліся на эстэтыку класіцызму і барока, Я.​Чачот, В.​Каратынскі зыходзілі з узвышанага эстэт. ідэалу, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына — з сац. рэальнасці. М.​Багдановіч імкнуўся выявіць сутнасць густу эстэтычнага на аб’ектыўнай аснове, шукаў эстэт. магчымасці для выключэння суб’ектывізму, густаўшчыны, З.​Бядуля зыходзіў з паняцця прыгожага, як агульначалавечай каштоўнасці. За ацэнкамі густу эстэтычнага заўсёды стаіць асоба ва ўсёй сваёй духоўнай непаўторнасці. Таму фарміраванне густу эстэтычнага выступае як адна з цэнтр. задач эстэт. выхавання і развіцця асобы.

Літ.:

Эстетическое воспитание на современном этапе: Теория, методология, практика. М., 1990;

Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.

В.​А.​Салееў.

т. 5, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)