ГА́НСЛІК
(Hanslick) Эдуард (11.9.1825, Прага — 6.8.1904),
аўстрыйскі музыказнавец. Вучыўся ў Пражскім і Венскім (з 1856 выкладаў у ім) ун-тах. Трактатам «Аб музычна-прыгожым» (1854) пачаў дыскусію аб праграмнай і «чыстай» («абсалютнай») музыцы. Яго асн. ідэя — «муз. змест ёсць рух гукавых формаў» — сцвярджала муз. мастацтва як асобую, ізаляваную галіну духоўнай дзейнасці, пры тлумачэнні якой не прыдатныя немуз. асацыяцыі. Крытыкаваў палажэнне афектаў тэорыі і погляды франц. асветнікаў, што лічылі вызначальным пачаткам муз. выразнасці інтанацыі чалавечай мовы. Прынцыповы прыхільнік інструментальнай музыкі (у асн. І.С.Баха, венскіх класікаў, І.Брамса), адмоўна выказваўся аб рамантычнай праграмнай і опернай музыцы, пераважна Ф.Ліста і Р.Вагнера. Яго працы і крытычная дзейнасць стымулявалі паглыбленае вывучэнне ўнутр. заканамернасцей музыкі, у т. л. стварэнне тэорыі муз. стыляў Т.Рымана і Т.Адлера.
т. 5, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)