КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,

янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.​Ліс, Г.​Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прылады, з дапамогай якіх здабываюцца акрэсленыя (або недакладна акрэсленыя) па вышыні і рытмічна арганізаваныя (або неарганізаваныя) гукі, паслядоўнасці гукаў, а таксама шумы. Абавязковыя элементы М.і. — вібратар, ці крыніца гуку (струна, мембрана, слуп паветра), і генератар, што пабуджае вібратар да вагання (смычок, сістэма малаточкаў і інш.). Многія М.і. маюць і ампліфікатар для ўзмацнення ваганняў (рэзанансавыя корпус, дошка) з мэтай атрымання гукаў большай сілы. Кожнаму М.і. ўласцівы пэўны гукавы дыяпазон, комплекс тэмбрава-рэгістравых, дынамічных, выразных і тэхніка-выканальніцкіх магчымасцей. Якасць гучання залежыць ад матэрыялаў, з якіх яны зроблены, і нададзенай ім формы, можа мяняцца пры дапамозе дадатковых прыстасаванняў (напр., сурдзіны) і розных прыёмаў гуказдабывання.

М.і. выконваюць разнастайныя грамадскія (ад прыкладной да ўласна эстэтычнай) і маст. функцыі (М.і. сольныя і ансамблевыя, меладычныя і рытмічныя і інш). Падзяляюцца на нар. і прафесійныя. Іх развіццё непасрэдна звязана з развіццём грамадства, яго культуры, муз. мастацтва, выканальніцтва і тэхнікі вырабу. Паводле прынятай у сучасным інструментазнаўстве класіфікацыі Э.М. фон Хорнбастэля — К.​Закса (прапанавана ў 1914), якая ўлічвае 2 вызначальныя прыметы — крыніцу гуку і спосаб яго здабывання, М.і. ўтвараюць 4 групы: ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (мембранавыя), аэрафоны (духавыя) і хардафоны (струнныя); у 20 ст. і электрафоны (электрамузычныя інструменты). Крыніца гуку ў ідыяфонах — матэрыял, з якога зроблены інструмент або яго гучальная дэталь, у мембранафонах — нацягнутая перапонка (найчасцей са скуры жывёлы), у аэрафонах — заключаны ў трубцы слуп паветра, у хардафонах — нацягнутая струна. Залежна ад спосабу гуказдабывання ідыяфоны бываюць ударныя, саўдаральныя, патрэсвальныя, скрабковыя, шчыпковыя, аэрафоны — свабодныя, флейтавыя, язычковыя, амбушурныя; хардафоны — шчыпковыя, смычковыя, ударныя і фрыкцыйныя Улічваюць і канструкцыйныя асаблівасці (вядомы флейты адзіночныя падоўжныя — адкрытыя і закрытыя, парныя).

Нар. М.і. беларусаў вызначаюцца разнастайнасцю тыпаў і іх лакальных разнавіднасцей. Група ідыяфонаў уключае талеркі, лыжкі, вугольнік, трашчотку, калотку, брусочкі, звон, бразготкі, званок, шархуны, кляшчоткі, драбінку, шмыгала, рагульку; у мінулым былі яшчэ варган і біла (калатушка); група мембранафонаў — бубен, барабан і грэбень (мірлітон); група аэрафонаў: свабодныя аэрафоны — лісты дрэў і травы, карынка, берасцянка, пуга, дудка шчылінная, гармонік і яго разнавіднасці — баян і акардэон; флейтавыя — свісцёлка, акарына, дудка, салавейка, парныя дудкі (раней, верагодна, і шматствольныя); язычковыя — жалейка, кларнет, дуда, дудачка з падвойным язычком; амбушурныя — рог і труба; група хардафонаў: смыкавыя — скрыпка, басэтля, ліра колавая, шчыпковабрынкальныя — балалайка, мандаліна, гітара, раней і цытра; ударныя — цымбалы. Паводле спосабу вырабу бел. нар. М.і. падзяляюцца на спецыяльна вырабленыя і прыстасаваныя для гукаўтварэння прадметы навакольнай прыроды і побыту. Вырабляюць М.і. музыканты-выканаўцы і муз. майстры-прафесіяналы. У 2-й пал. 20 ст. ў нар. муз. побыце ўсё часцей выкарыстоўваюць інструменты фабрычнай вытв-сці (скрыпка, цымбалы, гармонік, баян, кларнет; гл. Музычных інструментаў вытворчасць). Спрадвеку нар. М.і. звязаны з традыц. каляндарна-земляробчымі і сямейнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам, рознымі святамі. У вясковай практыцы М.і. выкарыстоўваюць як сольныя і ансамблевыя (гл. Народныя інструментальныя ансамблі). Амаль усе прафес. М.і. паявіліся ў выніку ўдасканалення народных. Да прафесійных адносяцца інструменты сімф. (опернага), духавога і эстр. аркестраў, а таксама электра- і мех. інструменты, сінтэзатары, камп’ютэры і інш. Гл. таксама Аркестр, Інструментоўка, Партытура.

Літ.:

Закс К. Современные оркестровые музыкальные инструменты: Пер. с нем. М., 1932;

Чулаки М.И. Инструменты симфонического оркесгра. 4 изд. М., 1983;

Вертков К., Благодатов Г., Язовицкая Э. Атлас музыкальных инструментов народов СССР. 2 изд. М., 1975;

Назіна І.Д. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997;

Sachs K. The History of musical Instruments. New York, 1940.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)