ГАРАДАВЫ́ ПРЫКА́ЗЧЫК,
выбраны з павятовых служылых людзей правіцель горада (павета) у Расіі ў 16—17 ст. Выконваў функцыі гараднічага. Падпарадкоўваўся намесніку. Наглядаў за справамі служылых дваран, буд-вам і рамонтам гар. крапасных збудаванняў, боепрыпасамі, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. У ваен. час выконваў функцыі гар. ваен. каменданта. Пасля ўвядзення ў гарадах пасады ваяводы гарадавыя прыказчыкі сталі іх памочнікамі, прызначаліся ваяводамі з мясц. дваран.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЧЫ,
1) начальнік замка (горада) на Беларусі ў 15—18 ст. Прызначаўся ўрадам з мясц. шляхты. Наглядаў за буд-вам і рамонтам абарончых збудаванняў, забеспячэннем замка зброяй, боепрыпасамі, харчамі. Пры адсутнасці кашталяна або старосты ўзначальваў гарнізон замка, засядаў у замкавым (гродскім) судзе.
2) Прадстаўнік мясц. адміністрацыі ў Расіі ў 16 — сярэдзіне 19 ст. У 16—17 ст. наз. Гарадавы прыказчык. У 1775—1862 узначальваў адм.-паліцэйскую ўладу ў пав. горадзе. Пасада гараднічага скасавана ў 1862.
т. 5, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЕЛІСТЫ́ЧНЫЯ КА́ЗКІ, авантурна-навелістычныя казкі,
жанравая разнавіднасць казачнага эпасу. Спосабам маст. асэнсавання рэчаіснасці яны набліжаюцца да сацыяльна-бытавых казак, аднак адрозніваюцца прыгодніцкім зместам і тэматыкай (сац. канфлікт для іх не галоўны, хоць сімпатыі казачнікаў заўсёды на баку прац. чалавека). Героі Н.к. — сялянскі або купецкі сын, прыказчык, салдат, дзяўчына-ваяка, верная жонка — дасягаюць мэты не з дапамогаю чарадзейнай сілы, а дзякуючы розуму, кемлівасці і вынаходлівасці. Фантастыка тут у гіпербалізацыі магчымасцей чалавека, якому даводзіцца «змагацца» з цяжкімі абставінамі, а не з фантастычнымі істотамі (як у чарадзейных казках). Тыповыя сюжэты Н.к. — жаніцьба героя з прыгажуняй і выхад дзяўчыны замуж, вернасць і нявернасць, прадвызначанасць лёсу; вял. групу складаюць казкі пра разбойнікаў і ліхадзеяў. У бел. фальклоры найб. пашыраны сюжэты пра кемлівую дзяўчыну, пра разбойнікаў.
Літ.:
Померанцева Э.В. Русская народная сказка. М., 1963. С. 87—93;
Дунаевська Л.Ф. До питання про тематичну і сюжетну структуру новелістичної казки // Вісн. Київського ун-ту. Укр. філологія. Київ, 1980. Внп. 22;
Яе ж. Про ідейно-художню структуру української народної новелістичної казки // Українське літературознавство. Львів, 1982. Вип. 39.
Л.П.Барабанава.
т. 11, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)