БАЦЬКО́ЎСТВА (у праве),
засведчаны ў органах ЗАЦСа факт паходжання дзіцяці ад пэўнага мужчыны. Пры нараджэнні дзіцяці ў маці, якая знаходзіцца ў шлюбе, дзейнічае прэзумпцыя, што бацькам з’яўляецца яе муж. У гэтым выпадку звесткі пра бацьку ў запіс аб нараджэнні дзіцяці ўносяцца на падставе пасведчання аб шлюбе. Калі шлюб не быў зарэгістраваны, запіс пра бацьку робіцца па сумеснай заяве бацькі і маці. У выпадку адмовы бацькі прызнаць сваім дзіця, якое нарадзілася па-за шлюбам, спрэчкі аб устанаўленні бацькоўства вырашае суд. Пры нараджэнні дзіцяці незамужняй жанчынай звесткі пра фактычнага бацьку ў запіс акта аб нараджэнні не ўносяцца, калі бацька адмовіцца прызнаць дзіця сваім і няма рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства. У такіх выпадках запіс пра бацьку дзіцяці робіцца на прозвішча маці, а імя і імя па бацьку запісваецца па яе ўказанні.
т. 2, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШО́Т II Жалезны
(?—928),
армянскі цар [914—928]. З дынастыі Багратыдаў. Вёў упартую барацьбу супраць арабаў, якія спрабавалі ліквідаваць незалежнасць Арменіі, за што і празваны Жалезным. У 921 разбіў араб. армію на беразе воз. Севан і вызваліў ад арабаў б.ч. Арменіі. У 922 халіф вымушаны быў прызнаць Ашота II уладаром Арменіі.
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (Alexander; свецкае Раланда Бандынелі; Rolando Bandinelli; ? — 30.8.1181),
папа рымскі з 1159. Юрыст і тэолаг, праф. кананічнага права ў Балонні. Папскі легат у Германіі, з 1153 папскі канцлер. Імкнуўся да верхавенства ўлады папства. З гэтай мэтай вёў паспяховую барацьбу з імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам з дапамогай Ламбардскай лігі. Асудзіў англ. караля Генрыха II за забойства Т.Бекета (1170) і прымусіў яго прызнаць уладу папаў.
т. 1, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭНСКІ МІР 1745.
Заключаны 25.12.1745 y Дрэздэне паміж Прусіяй (кароль Фрыдрых II) з аднаго боку, Аўстрыяй (эрцгерцагіня Марыя Тэрэзія) і Саксоніяй (курфюрст Аўгуст III) — з другога. Завяршыў 2-ю Сілезскую вайну (гл. Сілезскія войны) — частку вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. Паводле яго Аўстрыя ўступіла Прусіі амаль усю Сілезію, а Фрыдрых II пагадзіўся прызнаць герм. імператарам мужа Марыі Тэрэзіі Франца Стафана Латарынгскага. Умовы Д.м. пацвердзіў Ахенскі мірны дагавор 1748.
т. 6, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й Даніла (? — 2.3.1651),
дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.
т. 11, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЫ́МСКАЕ ПЫТА́ННЕ»,
канфлікт паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай, які ўзнік пасля заняцця ў 1870 італьян. войскамі Рыма і далучэння Папскай вобласці да Італьян. каралеўства. Папа Пій IX адмовіўся прызнаць ліквідацыю Папскай дзяржавы і адхіліў гарантыі італьян. ўрада сваёй асобе, абвясціўшы сябе «вязнем» Ватыканскага палаца. Доўгі час «Р.п.» ўскладняла адносіны паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай. Канчаткова ўрэгулявана ў 1929 пры папе Пію XI у адпаведнасці з Латэранскімі дагаворамі 1929.
т. 13, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАГ (нідэрл. vlag),
умацаванае на дрэўку ці шнуры палотнішча з надпісамі, упрыгожаннямі, эмблемамі, якое з’яўляецца афіц. знакам (сімвалам) дзяржавы, арганізацый, устаноў, у т. л. міжнар., а таксама караблёў, службовых асоб і інш. Тэрмін «Ф.» шырока ўжываецца ў словазлучэннях у пераносным значэнні і азначае: прызнаць сябе пераможаным, не дасягнуць мэты (напр., выкінуць белы флаг); выступіць пад якім-н. флагам — у імя якой-н. ідэі, справы. Гл. таксама Вымпел, Сцяг, Сцяг воінскі, Сцяг дзяржаўны Рэспублікі Беларусь.
т. 16, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),
турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).
т. 10, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУА́ВІЯ I, Муавія ібн Абі Суф’ян (каля 605, г. Мекка, Саудаўская Аравія — 680),
першы правіцель [661—680] араб. Амеядаў халіфата. Спачатку змагаўся супраць Мухамеда, у 630 прыняў іслам і стаў сакратаром Мухамеда. З 640 намеснік Сірыі, заваяваў у 649 Кіпр. Адмовіўся прызнаць уладу халіфа Алі ібн Абі Таліба і пачаў з ім барацьбу. Пасля забойства Алі ібн Абі Таліба абвешчаны халіфам. Зрабіў халіфат спадчынным. Перанёс сталіцу ў Дамаск. Садзейнічаў стварэнню цэнтралізаванага апарата Арабскага халіфата і адраджэнню гаспадаркі ў заваяваных раней раёнах. Арганізаваў шэраг заваёўніцкіх паходаў у Магрыб, Індыю і Сярэднюю Азію.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІ МІР 1866,
мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм. дзяржаў.
т. 12, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)