АДНАПАЛО́СНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,
працэс атрымання мадуляваных ваганняў, частотны спектр якіх мае адну бакавую паласу частот (нясучая частата і другая бакавая паласа значна прыглушаны). У параўнанні з амплітуднай мадуляцыяй пры аднапалоснай мадуляцыі перадавальны спектр частот скарачаецца ў 2 разы, што дазваляе падвоіць колькасць каналаў сувязі. Агульны выйгрыш па магутнасці перадатчыка ў 8—16 разоў. Выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, прафес. і аматарскай радыёсувязі, правадной сувязі.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЮ́К (Beniuc) Міхай
(н. 20.11.1907, в. Себіш, павет Арад, Румынія),
румынскі пісьменнік. Акад. Румынскай АН (з 1955). У духу рэв. рамантызму напісаны зб-кі «Песні пагібелі» (1938), «Новыя песні» (1940), «Згублены горад» (1943). Філас. роздум пра новы час, гісторыю чалавецтва і яго культуру, месца чалавека ў Сусвеце, жыццё і смерць у кн. «Яблыня пры дарозе» (1954), «Матэрыя і мары» (1961), «Мазаіка» (1968), «Светачы на сутонні», «Этапы» (абедзве 1970), «Краіна ўспамінаў» (1976). Аўтар раманаў «На вастрыі нажа» (1959), «Прыглушаны выбух» (1971), п’ес, публіцыст. артыкулаў.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1973;
Стихи;
Проза // Аргези Т., Бенюк М. Избранное. М., 1976.
т. 3, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)