А́ТЫКА (Attikē), Старажытная,

вобласць у сярэдняй Грэцыі. Першыя жыхары прыйшлі ў Атыку каля 1900 да нашай эры. Займаліся земляробствам, вырошчвалі вінаград і аліўкі, на горных пашах гадавалі авечак і козаў. Значныя запасы жалеза, серабра, мармуру, солі, гліны спрыялі развіццю рамёстваў. Геагр. размяшчэнне на ўзбярэжжы мора, зручныя гавані, патрэба прывозіць збожжа садзейнічалі развіццю марскога гандлю, засяленню берагавой паласы. Да 5 ст. да нашай эры Атыка ператварылася ў самую развітую вобласць Грэцыі (гл. Афіны Старажытныя). У сучаснай Грэцыі Атыка — адм.-тэр. адзінка (ном) з цэнтрам у Афінах.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЕ́ВІЧ Станіслаў (15.8.1728, с. Шламава каля г. Каўнас, Літва — 20.7.1785),

каталіцкі рэлігійны дзеяч. Чл. ордэна езуітаў з 1743. У 1747—50 вывучаў тэалогію ў Вільні, Мінску і Слуцку, потым да 1757 — у Віленскім ун-це. У 1756 пасвячоны ў ксяндза. У 1759—68 у Рыме, сакратар і пракуратар Польскай правінцыі езуітаў пры генерале ордэна В.​Рычы. З 1768 на Беларусі. У 1772, калі да Рас. імперыі была далучана ўсх. Беларусь, стаў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. З 15.10.1773 віцэ-правінцыял езуітаў на далучанай да Расіі ч. Беларусі. У ліст. 1773 ён з Г.​Лянкевічам і Ю.​Катэнбрынгам ад імя ўсіх езуітаў, у т. л. замежных, прысягнулі Кацярыне II, чым дамагліся легалізацыі дзейнасці езуітаў у Рас. імперыі. У студз. 1774 Кацярына II вызваліла езуітаў ад падаткаў і забараніла не толькі абвяшчаць, але і прывозіць у Расію булу рымскага папы Клімента XIV аб забароне ордэна езуітаў (1773). У 1780 Ч. дамогся адкрыцця ў Полацку езуіцкага навіцыяту, што вырашыла праблему пераемнасці кадраў у ордэне. Шмат увагі аддаваў дзейнасці школ.

Т.​Б.​Блінова.

С.Чарневіч.

т. 17, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУКРО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па вырабе цукру. Сыравіна — цукр. буракі і цукровы трыснёг. Найб. развіта Ц.п. на Кубе, у Бразіліі, Францыі, Кітаі, Расіі, на Украіне, у Індыі, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.

На Беларусі першы цукр. з-д пабудаваны ў 1830 у маёнтку Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1860-я г. дзейнічалі 33 цукр. з-ды (найб. Парэцкі, Беліцкі і Іванскі). Не вытрымаўшы канкурэнцыі з цукр. з-дамі Украіны (цукар танней было прывозіць, чым вырабляць), да 1917 яны ўсе спынілі дзейнасць. Галіна пачала адраджацца пасля Вял. Айч. вайны. У 1947 пачаў будавацца Скідзельскі цукровы камбінат, які ў 1951 даў першую прадукцыю. З 1959 працуе Гарадзейскі цукровы камбінат, з 1963 — Жабінкаўскі цукровы завод, Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат. Яны вырабляюць цукар-пясок, цукар-рафінад, лімонную кіслату. У зімовы перыяд (з кастр. па люты) перапрацоўваюць мясц. сыравіну (цукр. буракі), у астатні час — прывазны цукар-сырэц. Адходы вытв-сці цукру (макуха, патака, фільтрацыйныя асадкі) выкарыстоўваюць як кармавыя дабаўкі і ўгнаенне. У 2002 у галіне 4 прадпрыемствы, вытв-сць цукру-пяску склала 654,4 тыс. т, у т. л. з цукр. буракоў 180,3 тыс. т. Экспарт цукру-пяску з Беларусі (2000) склаў 256,3 тыс. т (у Расію і Украіну). Імпарт у Беларусь — 443 тыс. т, у т. л. з Бразіліі — 134,1 тыс. т, Кубы — 212,4, Аргенціны — 29,6 тыс. т.

П.​І.​Рогач.

т. 17, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)