КУКЕ́ВІЧ (Канстанцін Фадзеевіч) (1810, Вільня —1842),
бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма і Пецярбургскай АМ (1835—39). Вывучаў жыццё і побыт насельніцтва Віленшчыны і Гродзеншчыны. Стварыў шэраг жанравых кампазіцый: «Рускія салдаты ў вёсцы», «Прывал уланаў каля пераправы цераз раку» (абедзве 1830), «Карчма», «Яўрэйскія кантрабандысты ў ваколіцах Вільні» (да 1839). Аўтар графічных замалёвак «Гандляр шапкамі», «Букініст», «Карчма ў прадмесці», «Старызнік». У 1840 выдаў серыю літаграфій — сцэн з нар. жыцця («Вільня, год 1840»). Яго малюнкі былі змешчаны ў альбоме Я.Вільчынскага, выдадзенага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (17.9.1914, Масква — 11.1.2001),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940). Працаваў у галінах станковай і кніжнай графікі. Творы прысвечаны Вял.Айч. вайне [«У партызанскай зямлянцы», 1943; «Прывялі «языка», «Бой у гарнізоне «Рэкта», абодва 1944; «Герой Савецкага Саюза М.П.Шмыроў (Бацька Мінай)», 1948, «Бой з танкамі», «Подзвіг Мікалая Гастэлы», абодва 1975; «Партызанская застава», 1978; серыі «Партызаны Беларусі», 1952; «Народ і партызаны», 1972)], гісторыка-рэв. тэматыцы (серыі «Рэвалюцыйны Мінск», 1957; «Забастоўка гомельскіх рабочых», 1978; лісты «Падзел панскай зямлі. 1939 год», «Вясковая бібліятэка», абодва 1968, і інш.), мірнаму жыццю і працы («На Палескай цаліне», 1954; «Спартыўны Мінск», 1970; серыя партрэтаў рабочых МТЗ; 1976—77). Сярод жывапісных работ: «У пошуках сына» (1945), «Беларускі вакзал. Масква. 41-ы год» (1982), «Прывал пад Быхавам» (1985). Аформіў кнігі П.Броўкі, У.Карпава, Я.Коласа, Я.Купалы, Л.Талстога, М.Танка, А.Якімовіча і інш. Ствараў плакаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЗЯНКО́Ў (Алег Аляксандравіч) (н. 15.3.1967, Мінск),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1989). Засл. арт. Расіі (1995). Сын А.А.Карзянковай. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1985). З 1985 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1990 у Т-ры балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. Танцу К. ўласцівы пластычная экспрэсія, моцны тэмперамент, пачуццё стылю. Сярод партый на бел. сцэне: Базіль, Салор («Дон Кіхот», карціна «Цені» з балета «Баядэрка» Л.Мінкуса), Юнак («Вальпургіева ноч» Ш.Гуно), Дэзірэ і Прынц («Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сын («Крылы памяці» У.Кандрусевіча), Іван («Альпійская балада» Я.Глебава), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Сіндбад («Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава). У Т-ры балета першы выканаўца партый П’ера («Прывал кавалерыі» І.Армсгеймера), Драсельмеера і Прынца-Шчаўкунка («Шчаўкунок»), Базіля; Кронаса («Зеўс» на муз. Д.Арапіса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАРЫ́Ў»,
мемарыяльны комплекс ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1974 (скульпт. А.Анікейчык, арх. Ю.Градаў, Л.Левін) у гонар прарыву варожай блакады партызанамі 5.5.1944 у ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 на месцы баёў паміж вёскамі Новае Сяло, Пліна і Паперына ў Вял.Айч. вайну. Да вяршыні ўзгорка вядзе «калідор» — невял., сціснуты бетоннымі сценамі адрэзак шляху, якім ішлі на штурм партызаны; побач на бетоннай пліце размешчаны бронз. карта-схема абароны 16 партыз. брыгад на 11.4.1944 і інфарм. надпіс. На вяршыні ўзгорка ў разрыве бетоннай глыбы (сімвал разарванага кальца блакады) бронз. 9-метровая фігура партызана, побач умураваны 33 надмагільныя пліты з імёнамі герояў прарыву і пасаджана 16 дубоў (сімвал партыз. брыгад). Завяршае кампазіцыю «Апошні прывал» — адлітыя з бронзы карабіны, састаўленыя ў піраміду, і стужка з надпісам: «Яны загінулі у барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Савецкай Радзімай і гісторыяй».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМКО́Ў (Уладзімір Цярэнцьевіч) (н. 5.9.1950, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980), нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1968). Працаваў у т-рах оперы і балета Вільнюса і Харкава. У 1973—95 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1981—91 выкладаў у харэаграфічным вучылішчы. Танец К. вызначаецца мужнасцю, энергіяй, пластычнай выразнасцю, яго індывідуальнасці найб. блізкія партыі героіка-патрыят. плана. Майстэрства К. найб. выявілася ў балетах, пастаўленых В.Елізар’евым. Сярод лепшых партый: Тыль і Інквізітар, Машэка і Князь («Тыль Уленшпігель» і «Курган» Я.Глебава), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова); з інш. партый — Прынц, Ротбарт («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), а таксама гал. партыі ў аднаактовых балетах «Фестываль кветак у Чэнзана» Э.Хельстэда, «Прывал кавалерыі» Г.Армсгеймера, «Адажыета» на муз. Г.Малера, «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына, «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 127—131.