ПРУСТЫ́Т (ад прозвішча Ж.Л.Пруста), рубінавае серабро, рубінавая падманка, сярэбраная падманка,

мінерал класа сульфідаў, мыш’яковая сульфасоль серабра, Ag3AsS3. Мае 65,42% серабра. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прызматычныя крышталі, часта двайніковыя і трайніковыя зросткі. Колер рубінава-чырвоны, паўпразрысты. Бляск алмазны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5,6 г/см³. Трапляецца ў кальцытавых жылах нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчаў. Гіпергенны П. утвараецца ў зоне акіслення сярэбраных радовішчаў. Важны кампанент сярэбраных руд. Трапляецца ў Чылі, Францыі, Чэхіі, Канадзе, ЗША, Мексіцы.

Прустыт.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́БРАНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы серабра. Гал. мінералы С.р.: аргентыт, піраргірыт, полібазіт, прустыт, стэфаніт, срэбразмяшчальны галеніт. Маюць у сябе таксама серабро самароднае. Мінім. колькасць серабра ў рудзе для прамысл. здабычы 45—350 г/т. З С.р. здабываюць каля 20% серабра, астатняе — з поліметалічных руд. медных і залатых. С.р. звязаны з гранітоідамі, вулканічнымі і субвулканічнымі пародамі. Гал. радовішчы прымеркаваны да т.зв. Вял. сярэбранага пояса Паўн. і Паўд. Амерыкі. Асн. запасы ў ЗША, Канадзе, Перу, Мексіцы.

т. 15, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)