ПРО́БАШЧ (польск. proboszcz ад чэш. probošt ад лац. propositus начальнік, загадчык),

парох, плябан, у каталіцкай царкве ксёндз — кіраўнік парафіі, настаяцель парафіяльнага касцёла. Да 19 ст. тытул П. мелі нешматлікія кіраўнікі парафій, напр., некат. члены капітула, астатнія наз. плябанамі. У 1-й трэці 19 ст. з 14 парафій Гродзенскага дэканата ўзначальваліся П. Гродзенская фарная і Вялікабераставіцкая.

І.​Г.​Ганчарук.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯБА́Н,

гл. ў арт. Пробашч.

т. 12, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУСЕ́ВІЧ (Ян) (24.7.1948, в. Каменка Мінскага р-на — 2.9.1998),

бел. рэлігійны дзеяч. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972), духоўную правасл. семінарыю у Смаленску (1974). У 1974—79 правасл. святар у Смаленску, у в. Маркава Маладзечанскага р-на. У 1979 перайшоў у каталіцтва. У 1979—90 пробашч касцёла ў в. Баруны Гродзенскай вобл. З 1990 пробашч першай Мінскай грэка-каталіцкай парафіі св. Язэпа. З 1993 дэкан Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Дз.​К.​Беразоўскі.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЛЕ́ЎСКІ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 16.11.1888, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.снеж. 1942),

бел. паліт. грамадскі і рэліг. дзеяч. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У сак. 1917 абраны ў Бел. нац. к-т. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. Пасля абвяшчэння БНР (сак. 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газ. «Крыніца» (гл. «Беларуская крыніца»).

Выкладаў у Нясвіжскай бел. семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага пав. У 1925 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні. У 1930 пераклаў на бел. мову Новы запавет (выд. ў Вільні ў 1939). Выступіў з ініцыятывай стварэння Бел. нац. фронту. Выдаваў газ. «Беларускі фронт». З пач. 2-й сусв. вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву. У чэрв. 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Бел. нац. цэнтр. З вер. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, быў гал. школьным інспектарам пры ген. камісарыяце Беларусі, уваходзіў у гал. раду Беларускай народнай самапомачы, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі бел. патрыятычных сіл. У ноч на 24.12.1942 арыштаваны гітлераўцамі і закатаваны.

С.​С.​Рудовіч.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)