«ЗА ПРА́ЎДУ»,

газета. Выдавалася 24.2—29.6.1944 у Навагрудку на бел. мове пры падтрымцы і пад кантролем герм. улад у перыяд акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах 2-й сусв. вайны, распараджэнні акупац. улад, пастановы Бел. цэнтр. рады, прамовы лідэраў бел. арг-цый, пісала пра дзейнасць Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі, барацьбу супраць партызан. Сярод публікацый — нарысы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, паэт. і празаічныя творы А.​Каханоўскай, Т.​Лебяды, А.​Чэмера, Я.​Шыпшыны і інш. Выйшла 37 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,

верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.​Баршчэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Багдановіча, Я.​Купалы і інш.

Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.​Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)

У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.​Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ДРАСЦЬ,

вышэйшы духоўны патэнцыял чалавека, які сінтэзуе многія віды пазнання і актыўныя адносіны чалавека да свету. Летазлічэнне духоўнай культуры кожнага народа пачынаецца з першых мудрацоў, дзякуючы якім якасць мыслення становіцца адным з найважнейшых паказчыкаў грамадскага прагрэсу. Вобраз мудрага чалавека — носьбіта ісціны, эталона жыццёвых паводзін — заўсёды разглядаўся як зямное ўвасабленне філас. ісціны. У хрысціянстве разуменне М. ўзнікае разам з ідэяй асабістага выратавання і грамадскага ўдасканалення: мудрэц — пераўтваральнік і настаўнік жыцця. Этычны сэнс М. ў тым, што нар. свядомасць захоўвае слова «мудры» для абазначэння таго, хто спалучае ў сабе любоў і праўду, пракладвае шлях да міру і згоды, нясе людзям дабро і справядлівасць.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН (Міхаіл Паўлавіч) (4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826),

дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 1823 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.​І.​Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СЦІН (Аляксандр Пятровіч) (12.2.1924, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 16.10.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955), Вышэйшыя юрыд. курсы ў Маскве (1959). Працаваў у органах юстыцыі, у газ. «Гомельская праўда», у БелТА, з 1973 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1974—96 нам. гал. рэдактара). Друкаваўся з 1943. Першы зб. прозы «Суд ідзе» (1959). У творах узнімаў маральна-этычную і прававую праблематыку сучаснасці: зб-кі аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Суд вырашыў...» (1975), «Покліч сэрца», «Белыя гусі лета прарочаць» (абодва 1976), «Размова ў дарозе» (1977), «Скажу праўду» (1979), «Быць чалавекам» (1981), «Дружба вывела да зорак» (1985) і інш. Пісаў гумарэскі, гумарыст. апавяданні, публіцыст. артыкулы. Перакладаў з рус. і польск. моў.

Тв.:

Рэха даўніх баёў. Мн., 1984;

Гудок далёкага поезда Мн., 1986;

Салёная раса. Мн., 1988.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́ВА (Валянціна Аркадзеўна) (н. 27.1.1936, Мінск),

бел. літ.-знавец, перакладчыца. Дачка А.А.Куляшова. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 жыла ў Балгарыі. У 1967—71 выкладала ў БДУ, працавала на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык». Літ. дзейнасць пачала ў 1961 як перакладчыца з балг. мовы. У бел. друку выступае з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. Аўтар кн. пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989). Складальнік зб. Куляшова «Маналог», яго «Выбраных твораў» (т. 1—2, абодва 1989), фотаальбома «Аркадзь Куляшоў» (1985), на балг. мове зб. «Беларускія апавяданні» (1968). Перакладае з балг. і польск. на бел. мову, з бел. на балг. і рус. мовы. Пераклала на рус. мову раман П.​Вежынава «Вагі» (1983).

Тв.:

З радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Алег Канстанцінавіч) (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),

расійскі артыст цырка, клоун. Нар. арт. Расіі (1958). Нар. арт. СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.

Літ.:

Викторов А. Выступает Олег Попов. М., 1968.

А.Папоў у масцы клоуна.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́СІН-ПУ́ШКІН (Аляксей Іванавіч) (27.3.1744, С.-Пецярбург — 13.2.1817),

расійскі дзярж. дзеяч, археограф і гісторык. Граф. Чл. Рас. акадэміі (1789). Служыў у арміі, потым на прыдворнай і грамадзянскай службе. У 1791—97 обер-пракурор Сінода, у 1794—99 прэзідэнт Акадэміі мастацтваў. З 1775 збіраў пісьмовыя і рэчавыя помнікі рас. гісторыі. Засн. гурток гісторыкаў, які адкрыў Лаўрэнцьеўскі летапіс, выдаў шэраг помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Рускую праўду» (1792), «Кнігу Вялікаму Чарцяжу» (1792), «Духоўную вялікага кн. Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха...» (1793, гл. «Павучанне Уладзіміра Манамаха»); сам адкрыў і выдаў «Слова пра паход Ігаравы» пад назвай «Гераічная песня пра паход на полаўцаў удзельнага князя Ноўгарада-Северскага Ігара Святаславіча» (1800). Зборам М.-П. (частка яго, у т. л. адзіны спіс «Слова аб палку Ігаравым», згарэла ў Маскве ў вайну 1812) карысталіся многія рас. гісторыкі, у т. л. М.М.Карамзін.

Літ.:

Козлов В.П. Кружок А.​И.​Мусина-Пушкина и «Слово о полку Игореве»: Новые страницы истории древнерус. поэмы в XVIII в. М., 1988.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Мельнікаў-Пячэрскі) Павел Іванавіч

(6.11.1818, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 13.2.1883),

рускі пісьменнік. Скончыў Казанскі ун-т (1837). Настаўнічаў, служыў чыноўнікам, у 1850—66 у Мін-ве ўнутр. спраў. Маст. творы друкаваў пад псеўданімам Андрэй Пячэрскі. Першая публікацыя — «Дарожныя нататкі на шляху з Тамбоўскай губерні ў Сібір» (1839—42). У апавяданнях і аповесцях «Старыя гады» (1857), «Грыша» (1861) і інш. тэма рэліг. шуканняў народа, негатыўныя з’явы дарэформеннага жыцця, цікавасць да супярэчнасцей нар. характараў, блізкасць да натуральнай школы. Дылогія «У лясах» (1871—75) і «На гарах» (1875—81) пра стараверскае Заволжа сярэдзіны 19 ст. Проза М. адметная багаццем фалькл. матэрыялу, гістарызмам, этнагр. асновай, майстэрствам у апісанні побыту. Аўтар гіст. работ і гіст.-этнагр. нарысаў «Гістарычныя нарысы папоўшчыны» (1864—67), «Князёўна Тараканава і прынцэса Уладзімірская», «Тайныя секты» (абедзве 1868), кн. «Пісьмы пра раскол» (1862), брашуры «Пра Рускую Праўду і польскую няпраўду» (1863), рэцэнзій і інш. На рус. мову пераклаў верш А.​Міцкевіча «Вялікі мастак» (1840).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1976.

Літ.:

Соколова В.Ф. П.​И.​Мельников-Печерский: Очерк жизни и творчества. Горький, 1981;

Старикова М.Н. М.​Е.​Салтыков-Щедрин и Мельников. Алма-Ата, 1984.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.​Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс. чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.

Тв.:

Соч. М.; Л., 1956.

Літ.:

Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)