Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮНЕ́Т, люнета (франц. lunette літар. лунка) у архітэктуры,
арачны праём у скляпенні або сцяне, гарызантальна абмежаваны знізу. Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У скразных Л. звычайна размяшчаліся вокны; «глухія» Л. ўпрыгожваліся размалёўкай, лепкай, скульптурай. У архітэктуры 1950-х г. іх выкарыстоўвалі ў якасці аконных праёмаў (будынак паліграф. камбіната імя Я.Коласа ў Мінску).
Люнет на галоўным фасадзе будынка паліграфічнага камбіната імя Я.Коласа ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІФО́РЫУМ, біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі),
двухчасткавы арачны праём або элемент аркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РСА,
пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́НДА (ням. Blende) у архітэктуры, ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём. Часам мае абрамленне ў выглядзе ліштваў, архівольтаў, завяршаецца франтонамі, сандрыкамі і інш. элементамі аздобы. Выкарыстоўваецца для стварэння рытмічнасці фасада будынка з рэгулярнай сеткай аконных праёмаў; у месцах, дзе вокны неабавязковыя, яны замяняліся блендамі. На Беларусі вядомыя ў архітэктуры готыкі і рэнесансу (касцёл у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на), барока і класіцызму (палац у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве і інш.), несапраўднай готыкі (касцёл у в. Гервяты Астравецкага р-на), у жылой забудове 19 — пач. 20 ст. (дом па вул. Старавіленскай і Траецкім прадмесці ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАЎСКІ КАСЦЁЛ ІААНА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1910—19 з чырв. цэглы. Храм 2-вежавы, базілікальнага тыпу з трансептам, 3-граннай апсідай і 2 сакрысціямі. Гал. (зах.) фасад 3-часткавы: цэнтр. частка завершана трохвугольным шчытом, бакавыя ў выглядзе 2-ярусных вежаў, завершаных галоўкамі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі на 2 ярусы. Вуглы вежаў, трансепта і апсіды фланкіраваны ступеньчатымі контрфорсамі. У інтэр’еры драўляны 2-ярусны разны іканастас св. Яна (19 ст.), ярусы дэкарыраваны карынфскімі калонкамі і ажурнай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮКА́РНА (франц. lucarne ад лац. lux святло) у архітэктуры, невялікі аконны праём на даху (слыхавое акно), купальным пакрыцці, тымпане франтона або шчыта будынка. Прызначана для частковага асвятлення гарышча, падкупальнай прасторы і інш. памяшканняў, мае таксама дэкар. значэнне. З’явілася ў архітэктуры стылю готыкі, пашырана ў манум. мураваных і драўляных палацавых, сядзібных, грамадз., культавых збудаваннях стыляў барока, класіцызму. Бываюць стральчатыя, круглыя, паўкруглыя, лучковыя, авальныя і інш. Афармляліся ліштвамі з гірляндамі, валютамі, карнізамі, франтончыкамі. Як функцыян. і дэкар. элементы выкарыстоўваліся ў архітэктуры 1950-х г. (будынак гар. універмага ў Мінску).
А.М.Кулагін.
Люкарна на галоўным фасадзе гарадскога універмага ў Мінску.Люкарна на фасадзе палаца Браніцкіх у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял.праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ «ДОМ НА РЫ́НКУ»,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчыт гал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ.
Існаваў у 1934—41 у Мінску (арх. Н.Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтр. 6-па- вярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на выш. 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася верт. зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных аконных праёмаў, балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывід. праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячы садок.
А.А.Воінаў.
Мінскі жылы дом спецыялістаў. Галоўны фасад. Чарцёж.