АРХІ́ПАЎ Абрам Яфімавіч

(другое прозвішча Спірыкаў; 27.8.1862, в. Ягорава Разанскай вобл. — 25.9.1930),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1916). Нар. мастак Рэспублікі (1927). У 1884—86 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. Перасоўнік (з 1891), чл. Саюза рус. мастакоў (з 1904), Асацыяцыі мастакоў Расіі (з 1924). З 1894 выкладаў у навуч. установах Масквы. Аўтар карцін: «Па этапах» (1893), «Прачка» (1890-я г.), партрэтаў (пераважна сялян; «Маладая сялянка ў чырвоным», 1925), пейзажаў «Па рацэ Ацэ» (1890), «Лёд прайшоў» (1895) і інш.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМ’Е́ (Daumier) Анарэ Віктар’ен

(26.2.1808, г. Марсель, Францыя — 11.2.1879),

французскі графік, жывапісец і скульптар. З 1814 жыў у Парыжы, у 1820-я г. браў урокі жывапісу і малюнка, вучыўся мастацтву літаграфіі. Аўтар вострагратэскавых карыкатур на кіруючыя вярхі грамадства, у т.л. на караля Луі Філіпа. Асновай для серыі літаграфічных партрэтаў-шаржаў «Славутасці залатой сярэдзіны» (1832—33) сталі скульпт. эскізы-бюсты паліт. дзеячаў (1830—32, захавалася 36 бюстаў). У літаграфіях 1834 Д. выкрываў бяздарнасць і своекарыслівасць улад («Заканадаўчае чэрава», «Усе мы сумленныя людзі, абдымемся»), ствараў вобразы рабочых («Сучасны Галілей», «Вуліца Транснанен 15 красавіка 1834 года» і інш.). Пасля забароны ў 1835 паліт. карыкатуры Д. звярнуўся да быт. сатыры: серыя «Карыкацюрана» (1836—38), «Лепшыя ў жыцці» (1843—46), «Добрыя буржуа» (1846—49). У перыяд і пасля рэв. 1848—49 стварыў (спачатку ў статуэтцы, потым у шэрагу літаграфій) абагульнены вобраз паліт. прайдзісвета Ратапуаля. У жывапісе Д. па-наватарску пераасэнсоўваліся традыцыі рамантызму, трагічная велічнасць спалучалася з гратэскам, драма з сатырай, вострая характарнасць вобразаў са свабодай пісьма, смелай абагульненасцю формаў, выразнасцю пластыкі і светлавымі эфектамі. У яго карцінах адлюстраваліся пафас рэв. барацьбы («Паўстанне», каля 1848), прыгажосць простага чалавека («Прачка», каля 1859—60); улюбёнымі матывамі жывапісу былі цырк, тэатр, вандроўныя камедыянты: «Меладрама» (каля 1856—60), «Крыспэн і Скапэн» (каля 1860), серыя карцін «Дон Кіхот» (каля 1868) і інш.

Літ.:

Пассерон Р. Домье: Пер. с фр. М., 1984.

А.Дам’е. Дон Кіхот. Каля 1868.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)