КАРМАВА́Я НО́РМА,

колькасць пажыўных рэчываў, неабходных свойскай жывёле для падтрымкі належнага ўзроўню яе жыццядзейнасці, прадукцыйнасці, здароўя і ўзнаўлення. Уключае 18—30 паказчыкаў: кармавыя адзінкі, абменную энергію, сухое рэчыва, сыры і засваяльны пратэін, крухмал, цукар, сырыя клятчатку і тлушч, макра- і мікраэлементы, вітаміны, а для некат. жывёл (свінні, птушкі) таксама незаменныя амінакіслоты. На аснове К.н. распрацоўваюць кармавы рацыён.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУД,

аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)