ПРАТЫ́СТЫ (ад грэч. prōtistos самы першы),
сукупнасць аднаклетачных ядзерных арганізмаў. Вывучае пратысталогія. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць П. ў асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый. Некат. вучоныя лічаць, што да П. неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напр., некат. расл. жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арган. рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе інш. вучоным аб’яднаць у групу П. ўсе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы.
А.С.Шалапёнак.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЫСТАЛО́ГІЯ (ад пратысты + ...логія),
галіна біялогіі, якая вывучае аднаклетачныя ядзерныя арганізмы — пратысты. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваецца як сінонім тэрміна «протазаалогія». На Беларусі даследаванні ў галіне П. пачаты ў 1930-я г. В.Л.Якімавым. Пераважнае развіццё атрымалі вет. і мед. П. Праводзяцца ў Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, віцебскіх Акадэміі вет. медыцыны і ун-це, у БДУ і інш. Значны ўклад зрабілі вучоныя Г.Г.Вінберг, У.Р.Гобзем, В.Ф.Гусеў, М.І.Дылько, П.С.Іванова, С.П.Сузько і інш.
А.С.Шалапёнак.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)