ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.

Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.​М.​Ляўданскі, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Доўнар-Запольскі, М.​В.​Мялешка, А.​А.​Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы стан стараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.​Х.​Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.

Літ.:

Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г. Мн., 1926;

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;

Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,

пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл. Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.​Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.​А.​Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВА́ТАННЕ, сватаўство, сваты,

даўні звычай наладжвання шлюбу ў многіх народаў свету, калі жаніх пасылае сваіх прадстаўнікоў (сватоў) да бацькоў нявесты прасіць яе сабе за жонку; адзін з этапаў падрыхтоўчага перыяду вяселля, у час якога бацькі і нявеста даюць згоду на шлюб. На Беларусі — рэгіянальная назва дружкі (Пружаншчына, Слонімшчына). У С. найчасцей ехалі бацька жаніха, яго старэйшы брат, дзядзька або хто-небудзь з блізкіх сваякоў, абавязкова жанатыя і не ўдаўцы. На ПдЗ Беларусі ў С. магла ўдзельнічаць і замужняя жанчына. Самога жаніха звычайна не бралі. Нярэдка за гал. свата запрашалі каго-небудзь са старонніх, хто добра ведаў рытуалы С. Звычайна сватаць ехалі ў аўторак, чацвер, суботу або напярэдадні якога-небудзь свята ўначы без папярэдняй дамоўленасці або пасля яе. У першым выпадку сваты частавання і падарункаў не бралі, у другім — бралі. Часта сваты прыходзілі нечакана ў будны дзень, каб паглядзець парадак у хаце, як выглядае і апранута нявеста ў час працы.

Перад ад’ездам у С. сватоў частавалі, благаслаўлялі, жадалі поспеху. Сваты не павінны былі адразу заходзіць у хату, а стукалі ў акно і прасілі пусціць іх нанач, выдаючы сябе за падарожных, паляўнічых, купцоў і г.д. Увайшоўшы ў хату, сваты не адразу гаварылі пра мэту прыходу, спыняліся перад першай бэлькай, не віталіся за руку, не ішлі адразу да стала, а калі іх запрашалі, садзіліся на лаву каля сцяны ад двара (паводле нар. прыкмет, садзіцца на лаву каля сцяны ад вуліцы азначала, што адзін з маладых аўдавее). У час С. гаварыліся спец. прымаўкі, прыказкі, намёкі, прыгаворы, іншасказанні, умоўныя формулы. У большасці формул захаваліся рэшткі паляўнічага, жывёлагадоўчага, земляробчага спосабаў жыцця продкаў, водгукі стараж звычаю куплі-продажу нявесты. У С. ездзілі нярэдка да трох разоў. Другі раз прыязджалі з жаніхом. Калі сваты заходзілі ў хату, нявеста хавалася. А калі яе запрашалі выйсці да сватоў, усяляк аднеквалася. Часам яна не хавалася, а дэманстравала перад сватамі сваю працавітасць. Сватоў частавалі (абавязкова былі сыр і яешня), потым сват і бацька нявесты паціскалі адзін аднаму рукі, папярэдне накрыўшы іх крысом.

У час С. бакі гаварылі пра падрыхтоўку да вяселля і тэрмін запоін. Пра пасаг дамаўляліся папярэдне. Перад ад’ездам сватоў маці нявесты давала ім загорнуты ў ручнік свой рытуальны хлеб, які, як і хлеб жаніха, называўся мінельнікам, і бутэльку з-пад гарэлкі, у якую насыпала жыта і абвязвала яе каляровым поясам. У выпадку адмовы ад шлюбу аднаго з бакоў апошні адсылаў мінельнік назад, а нявесце, акрамя таго, вярталі з бутэлькай жыта. У выпадку адмовы сяброўкі нявесты імкнуліся ўваткнуць у сані або воз сватоў дзяркач («галень»), Нярэдка з воза сватоў сяброўкі нявесты выбіралі сена і салому і пасыпалі імі сцежкі да сваіх хат, што павінна было азначаць хуткі прыезд да іх сватоў. Калі нявеста абвязвала сватоў ручнікамі, гэта з’яўлялася знакам згоды на шлюб. Пасля С. спраўлялі заручыны.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978.

Л.​А.​Малаш.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)