ПРАСТАТЫ́Т,

запаленне прастаты. Абумоўлены ганакокавай, стафіла- і стрэптакокавай інфекцыяй, трыхаманадамі і інш. Часта спалучаецца з везікулітам, урэтрытам, у пажылым узросце з адэномай прастаты. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Сімптомы вострага: смыленне ў мочаспускальным канале, частае мочаспусканне, дамешкі гною ў мачы. Пры хранічным П. тупы боль у прамежнасці, парушэнне палавой функцыі. Лячэнне тэрапеўт., пры ўтварэнні абсцэсу — хірургічнае.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТУРЫ́Я (ад гемата... + грэч. uron мача),

наяўнасць крыві ў мачы пры хваробах нырак і мочавывадных шляхоў. Гл. ў арт. Мочакамянёвая хвароба, Мочавыдзяляльнай сістэмы хваробы, Піеланефрыт, Прастатыт, Цыстыт і інш.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТА́ТА,

няпарны залозіста-мышачны орган мужчын і самцоў жывёл.

Размешчана ў малым тазе, паміж дном мачавога пузыра і ампулай прамой кішкі; шчыльна ахоплівае шыйку пузыра і задні аддзел мочаспускальнага канала. Утворана асобнымі залозкамі розных памераў. Вывадныя пратокі П. адкрываюцца ў прастатычным аддзеле мочаспускальнага канала. Функцыі П. рэгулюе нерв. і эндакрынная сістэма. Сакрэт П. адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці сперматазоідаў у семявай вадкасці. Найб. частыя хваробы П. — прастатыт, пухліны (напр., адэнома прастаты).

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)