ДЫЯФАНАСКАПІ́Я (ад грэч. diaphanēs празрысты + ...скапія),
прасвечванне прыдаткавых пазух носа, вочных яблыкаў для вызначэння іх стану. Пры паталаг. зменах (пухліна, запаленне, іншароднае цела) пашкоджаны бок зацемнены. Д. робяць у зацемненым памяшканні спец. эл. лямпачкай, замацаванай на ручцы або ў спец. метал. капсуле. Д. верхнясківічных (гаймаравых) пазух носа робяць праз рот.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДМАЛЁЎКА ў жывапісе
(пераважна алейным),
падрыхтоўчы этап работы над карцінай. Звычайна на стадыі П. ў адным тоне прапрацоўваюць светлаценем аб’ёмы прадметаў ці фігур, што адлюстроўваюцца (цені цёмнымі тонамі, асветленыя часткі — светлымі). Выконваецца ў 2 і больш колерах з разлікам на прасвечванне праз тонкія слаі фарбаў, якія накладваюцца на завяршальным этапе работы (гл. Лесіроўка). У алейным жывапісе эпохі Адраджэння П. часта выконвалі тэмперай. Шматслаёвы жывапіс з П. і лесіроўкамі быў пашыраны да сярэдзіны 19 ст., потым выцеснены жывапісам alla prima (выкананне карціны або фрагмента ў адзін сеанс).
т. 11, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)