АЛКІ́Л,

абагульненая назва аднавалентных радыкалаў насычаных аліфатычных вуглевадародаў. Напр., метыл — астатак метану (CH3), этыл — астатак этану (C2H5), прапіл — астатак прапану [CH3∙(CH2)2], ізапрапіл — астатак ізапрапану — [(CH3)2CH].

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНЯРЭ́ЗНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для выразання (выпілоўвання) з масіву горных парод у кар’ерах і шахтах штучнага сценавога каменю, буйных сценавых блокаў, а таксама блокаў-загатовак, якія выкарыстоўваюцца для распілоўкі на абліцовачныя пліты і арх.-буд. вырабы. Рэжучыя органы — дыскавыя, канатныя або ланцуговыя пілы, кальцавыя фрэзы, ланцуговыя і штангавыя бары (рамы, у ручаях якіх рухаюцца рэжучыя ланцугі з цвердасплаўнымі зубкамі).

К.м. з дыскавымі піламі выразаюць камяні з вапняку і ракушачніку, з кальцавымі фрэзамі — з усіх горных парод, пашыраных у буд-ве, з барамі вядуць адкрытую і падземную распрацоўку вапняку і вапняку-ракушачніку. Выкарыстоўваюцца агрэгаты з некалькіх аперацыйных К.м., аб’яднаных агульным кіраваннем, і канатныя пілы для выпілоўвання буйных маналітаў са шчыльных вапнякоў і мармуру. Рабочы орган іх — стальны канат, пад які (у прапіл) бесперапынна падаецца сумесь зерняў абразіву (кварцавага пяску, карбарунду) і вады. Камень з масіву выразаюць 3 аперацыямі: папярочным, гарыз. і верт. (тыльным) прапілам. У многіх К.м. 2-я і 3-я аперацыі сумяшчаюцца пры падоўжным прасоўванні машыны ўздоўж уступа.

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНЕАПРАЦО́ЎКА,

наданне прыроднаму каменю патрэбнай формы і пэўнага выгляду. Уключае распілоўку блокаў на загатоўкі, акантоўку іх па памерах, прафілёўку і фактурную апрацоўку вонкавай паверхні. Працэсы К. падзяляюцца на мех. (абразіўная і ўдарная апрацоўка каменю) і немех. (тэрмічная, ультрагукавая, гідраўл., электрагідраўл., апрацоўка токамі ВЧ, променем лазера). Вырабы К. (калоны, блокі, пліты, карнізы і інш.) пашыраны ў прамысл., трансп. і грамадз. буд-ве.

Распілоўку робяць на дыскавых, рамных або канатных станках. Дыскавыя (з дыяметрам дыска да 4 м) выкарыстоўваюць для надання каменю патрэбнай формы, рамныя — для распілоўвання каменю (могуць рабіць адначасова да 60 прапілаў) стальнымі стужкамі (з падачай у прапіл кварцавага пяску, карунду і інш.) або піламі, арміраванымі цвёрдымі сплавамі, канатныя — для выпілоўвання каменю з масіву і яго распілоўкі (гл. Каменярэзныя машыны).Абрэзка загатовак да зададзеных памераў (акантоўка) робіцца на універсальных станках з карбарундавымі дыскамі або з дыскамі, на якіх замацаваны алмазы. Прафілёўка надае вырабам патрэбную форму. Апрацоўку вонкавай паверхні робяць шліфаваннем (з выкарыстаннем розных шліфавальных станкоў, паточных шліфавальных ліній і інструментаў) і ўдарным спосабам (траянкай, бучардай і інш.). Пры К. выкарыстоўваюцца таксама пнеўматычныя і эл. малаткі.

І.​І.​Леановіч.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)