КАМЕНЕАПРАЦО́ЎКА,

наданне прыроднаму каменю патрэбнай формы і пэўнага выгляду. Уключае распілоўку блокаў на загатоўкі, акантоўку іх па памерах, прафілёўку і фактурную апрацоўку вонкавай паверхні. Працэсы К. падзяляюцца на мех. (абразіўная і ўдарная апрацоўка каменю) і немех. (тэрмічная, ультрагукавая, гідраўл., электрагідраўл., апрацоўка токамі ВЧ, променем лазера). Вырабы К. (калоны, блокі, пліты, карнізы і інш.) пашыраны ў прамысл., трансп. і грамадз. буд-ве.

Распілоўку робяць на дыскавых, рамных або канатных станках. Дыскавыя (з дыяметрам дыска да 4 м) выкарыстоўваюць для надання каменю патрэбнай формы, рамныя — для распілоўвання каменю (могуць рабіць адначасова да 60 прапілаў) стальнымі стужкамі (з падачай у прапіл кварцавага пяску, карунду і інш.) або піламі, арміраванымі цвёрдымі сплавамі, канатныя — для выпілоўвання каменю з масіву і яго распілоўкі (гл. Каменярэзныя машыны).Абрэзка загатовак да зададзеных памераў (акантоўка) робіцца на універсальных станках з карбарундавымі дыскамі або з дыскамі, на якіх замацаваны алмазы. Прафілёўка надае вырабам патрэбную форму. Апрацоўку вонкавай паверхні робяць шліфаваннем (з выкарыстаннем розных шліфавальных станкоў, паточных шліфавальных ліній і інструментаў) і ўдарным спосабам (траянкай, бучардай і інш.). Пры К. выкарыстоўваюцца таксама пнеўматычныя і эл. малаткі.

І.І.Леановіч.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)