Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАШНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія для нармальнага росту і развіцця патрабуюць вялікай плошчы жыўлення і апрацоўкі міжрадкоўяў. Да П.к. належаць збожжавыя (кукуруза, грэчка, проса, сорга, фасоля), тэхнічныя (цукр. буракі, бавоўнік, сланечнік, тытунь), агароднінныя (капуста, памідоры, агуркі, буракі, морква), кармавыя (караняплоды, бульба, кармавая капуста).
Высяваюць або высаджваюць шырокарадковым, квадратным або квадратна-гнездавым спосабамі. Каб знішчыць пустазелле, зберагчы вільгаць і даць прыток паветра ў кораненаселены слой, робяць 2—3-разовае рыхленне міжрадкоўяў у-І—2 напрамках. Пад П.к. павышаецца мікрабіял. актыўнасць глебы, узмацняецца мабілізацыя пажыўных рэчываў П.к. ў севазвароце — добрыя папярэднікі інш. культур, асабліва збожжавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗОТАБАКТЭРЫ́Н, азотаген,
бактэрыяльны прэпарат для абагачэння глебы звязаным азотам. Вырабляецца на аснове аднаго з відаў азотабактэру. Выкарыстоўваюць пад агароднінныя і прапашныя культуры. Уносяць у глебу з насеннем або апрацоўваюць ім клубні, карані расады с.-г. культур, якія не належаць да сям. бабовых. На глебах Беларусі з высокай кіслотнасцю і малой урадлівасцю малаэфектыўны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БЫ,
балота ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Сэрвач і Вузлянка. Нізіннага (45%), вярховага (40%) і пераходнага (15%) тыпаў. Пл. 13,9 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 9,2 тыс.га. Глыб. торфу да 7,3 м, сярэдняя 2,6 м. У балоце запасы бітумінознага і падсцілачнага торфу, мергелю (магутнасць да 4 м). На асушаных землях вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры, на неасушаных расце лес з хвоі, елкі, бярозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЧНА,
балота на ПдЗ Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Беларусі і на Украіне. Мяшанага (70%), нізіннага (25%) і вярховага тыпаў. Пл. ў межах Беларусі 12,8 тыс.га, на Украіне 0,6 тыс.га, у межах прамысл. пакладу на Беларусі 10,2 тыс.га. Глыб. торфу да 5,7 м. Амаль на ўсёй плошчы падсцілачны торф магутнасцю 1,2 м, месцамі пад ім трапляецца сапрапель. На асушаных землях сеюць збожжавыя і прапашныя культуры, травы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ БАЛО́ТА,
у Ляхавіцкім, Івацэвіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., сцёк па Агінскім і інш. каналах у Выганаўскае возера. Нізіннага (94%) і мяшанага тыпу. Пл. 34,9 тыс.га, у межах прамысл. Пакладу 27,6 тыс.га. Глыб. торфу да 4,7 м, сярэдняя 2,1 м. Пад торфам трапляюцца мергель і сапрапель. Каля 5 тыс.га асушана, на іх вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры. Неасвоеная частка балота ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛМЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА, Волма-Слоўст, Волма,
у Беларусі, у Чэрвеньскім, Мінскім, Смалявіцкім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Волма і яе прытока Слоўст (бас. Свіслачы). Нізіннага (80%), вярховага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 5 тыс.га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,3 м. На асушаных землях сеюць травы, часткова збожжавыя і прапашныя культуры. На неасушаных участках пераважаюць гіпнава-асаковыя нізінныя ўчасткі, месцамі трапляюцца бяроза і вольха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТЫВА́ТАР,
прылада для рыхлення глебы, знішчэння пустазелля, акучвання і падкормкі раслін (гл.Культывацыя). Падзяляюцца на папарныя (для суцэльнай апрацоўкі глебы) і прапашныя (для міжрадковай апрацоўкі прапашных культур); прычапныя, навясныя і паўнавясныя.
Папарныя К. бываюць лапавыя (палявыя, садовыя, ягаднікавыя, лясныя, рыхліцелі і проціэразійныя са стральчатымі лапамі), штангавыя (з франтальна размешчанай штангай, якая пры вярчэнні вырывае пустазелле) і пласкарэзы (для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі). Прапашныя К., у т. л.К.-раслінасілкавальнікі, К.-акучнікі выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях, падкормкі раслін і іх акучвання, наразання барознаў для паліву. У залежнасці ад велічыні прасвету пад рамай (для праходу над раслінамі) бываюць для апрацоўкі пасеваў нізкасцябловых (буракоў і інш. караняплодаў) і высокасцябловых (кукурузы, бульбы, капусты і інш.) культур. Універсальныя К. прыстасаваны для суцэльнай апрацоўкі глебы і догляду за пасевамі. К. забяспечваюцца зменнымі рабочымі органамі.
На Беларусі найб. выкарыстоўваюць К. з палольнымі лапамі (аднабаковыя, стральчатыя пласкарэзныя і універсальныя), з разрыхляльнымі лапамі (долата- і коп’епадобныя), акучвальныя карпусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́Т (Sonchus),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).
Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́Р, папарнае поле,
поле севазвароту, якое ўвесь вегетацыйны перыяд або частку яго застаецца незасеяным і неаднаразова апрацоўваецца для ачысткі глебы ад пустазелля і ўтрымання вільгаці. Папарная сістэма земляробства склалася ў эпоху феадалізму, замяніўшы лядную і лесапольную сістэмы трохпольнай (П., азімыя, яравыя). П. выкарыстоўваецца пераважна пад азімыя жыта і пшаніцу. Бывае чысты і заняты. Чысты П. — чорны (зяблевая апрацоўка ўгноенай глебы вядзецца ўвосень) і ранні (асн. апрацоўка вясною) — найчасцей выкарыстоўваюць у засушлівых раёнах. У нечарназёмнай зоне чысты П. пакідаюць на ўчастках з вял. колькасцю шматгадовага пустазелля. У інтэнсіўным земляробстве найб. эфектыўны заняты П., калі першую палавіну лета вырошчваюць культуры з кароткім вегет. перыядам (прапашныя, віка-аўсяная сумесь, кукуруза на сілас, кармавы лубін, канюшына і інш.), якія ўбіраюць за 3—4 тыдні да сяўбы азімых раслін. Сідэральны П. (разнавіднасць занятага П.) паляпшае якасць бедных, пераважна пясчаных і супясчаных глеб. Ён менш эфектыўны, чым П., заняты культурамі на кармы. На папарным полі вырошчваюць культуры (лубін і інш.), якія заворваюць на зялёнае ўгнаенне. Гл. таксама Сістэма земляробства.