ПРАПАНО́ВА,

1) імкненне, жаданне вытворцы (прадаўца) прапанаваць на продаж свае тавары. Велічыня П. характарызуе колькасць тавараў і паслуг, якую вытворца жадае і можа прадаць па пэўнай цане за вызначаны адрэзак часу, залежыць ад цаны і інш. фактараў. Гл. таксама Попыт.

2) Заява прадаўца аб жаданні прадаць тавар, паслугі на вызначаных умовах (аферта).

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭСТА́ЦЫЯ,

1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.

2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.

3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.

4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл. Аўдыт).

Н.​А.​Карповіч.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ГАР (?—945),

вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл. Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант. правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.

Літ.:

Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКЕТЫНГ (англ. marketing ад market рынак),

сістэма арганізацыі і кіравання вытворча-збытавой дзейнасцю прадпрыемства (фірмы), заснаваная на комплексным аналізе рынку. Аснову М. складае: вывучэнне і прагназаванне попыту на прадукцыю і паслугі прадпрыемства; ажыццяўленне мер па павышэнні іх якасці і спажывецкіх уласцівасцей; наладжванне камунікацый, ажыццяўленне рэкламных мерапрыемстваў; арг-цыя даступнага пасляпродажнага і сервіснага абслугоўвання пакупнікоў; фарміраванне попыту спажыўцоў шляхам стымулявання ў іх патрэбы ў новых таварах і інш. Для ажыццяўлення функцый М. на прадпрыемствах (фірмах) ствараюцца спец. падраздзяленні (аддзелы, службы) М. Першапачаткова М. быў звязаны з продажам фізічных прадуктаў (спажывецкіх тавараў, прадукцыі вытв. прызначэння); цяпер М. называецца ўсё, што можна прапанаваць на рынку для набыцця, выкарыстання або спажывання, з мэтаю задавальнення пэўных патрэб — фізічныя прадметы, паслугі, арганізацыі, віды дзейнасці, ідэі і інш. (напр., М. паслуг, М. арганізацый, М. месцаў, персанальны М., М. ідэй). Адрозніваюць таксама М. дыферэнцыраваны — стратэгія дзейнасці на рынку, калі прадпрыемства імкнецца асвойваць адразу некалькі сегментаў рынку са спецыяльна для іх распрацаванай прадукцыяй, канцэнтраваны — стратэгія дзейнасці, калі прадпрыемства мае вял. долю рынку на адным або некалькіх невял. сегментах рынку, масавы — масавая вытв-сць аднаго прадукту, прызначанага адразу для некалькіх катэгорый пакупнікоў, і інш.

О.​В.​Філіпава.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)