ЛЕАНТО́ВІЧ (Мікалай Дзмітрыевіч) (13.12.1877, с. Манастырок Няміраўскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 23.1.1921),

украінскі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Скончыў Камянец-Падольскую духоўную семінарыю (1898), вучыўся на курсах пры Пецярбургскай прыдворнай капэле (1903—04), у Б.​Яворскага (кампазіцыя). Выкладаў у кансерваторыі і Муз.-драм. ін-це імя М.​Лысенкі ў Кіеве. Арганізатар і кіраўнік многіх нар. хароў, заснавальнік (1919) першых укр. сімф. аркестра і Дзярж. укр. харавой капэлы. Стварыў класічныя хар. апрацоўкі нар. песень («Дударык», «Пралля», «Шчэдрык»), дзе арганічна спалучыў прыёмы імітацыйнай і нар. падгалосачнай поліфаніі. Сярод інш. твораў: опера «Свята русалак» (завяршыў і інструментаваў М.​Скорык, 1977); хар. паэмы. Складальнік зборнікаў апрацовак укр. нар. песень (1901, 1903).

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́ЖДЗІНА (Надзея Сяргееўна) (3.6.1908, Вільня — 11.10.1979),

расійская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1978). Скончыла Дзярж. балетную школу ў Петраградзе (1924, педагогі М.Легат, А.Ваганава). У 1925—34 артыстка Вял. т-ра ў Маскве. З 1943 балетмайстар, у 1946—48 маст. кіраўнік балетнага аддзялення Масэстрады і адначасова (з 1945) Рус. нар. хору Калінінскай філармоніі. Выконвала сольныя партыі і характарныя танцы ў балетах «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса, «Чырвоны мак» Р.​Гліэра, «Раймонда» А.​Глазунова і інш. Арганізатар (1948), маст. кіраўнік і пастаноўшчык праграм акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка». Стварыла новы стыль у харэаграфіі, заснаваны на сінтэзе танц. фальклору і школы класічнага танца. Сярод пастановак, прасякнутых рамант. паэтычнасцю і высакароднасцю — «Лябёдачка», «Бярозка», «Карусель», «Пралля», «На восеньскім кірмашы», «Паўночнае ззянне», «Сібірская сюіта» і інш. Аўтар кн. «Рускія танцы» (1951), артыкулаў па праблемах танц. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль Міру імя Жаліо Кюры 1959.

Літ.:

Чижова А.Э. «Березка». М., 1972.

Н.С.Надзеждзіна.

т. 11, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст. пасля пераносу стараж. Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст. яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.​Чарнецкага, В.​Валовіча, А.​Русецкага і П.​Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.

План Барысаўскага замка. 18 ст.

т. 2, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)