Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. projectio літар. кіданне наперад),
відарыс прасторавай фігуры на плоскасці ці інш. паверхні.
Адрозніваюць цэнтральную, паралельную, прамавугольную П. Цэнтральная (канічная) П.: выбіраюць адвольны пункт S прасторы (цэнтр праектавання) і плоскасць α′ (плоскасць П.), якая не праходзіць праз пункт S; праз дадзены пункт A (правобраз) прасторы і цэнтр П. S праводзяць прамую SA да яе перасячэння ў пункце A′ з плоскасцю α′. Пункт A′ (вобраз) наз. цэнтральнай П. пункта A. П. фігуры наз. сукупнасць П. усіх яе пунктаў. Паралельнай (цыліндрычнай) П. пункта A на плоскасць α′ наз. пункт A′ перасячэння гэтай плоскасці і прамой p, якая праходзіць праз A паралельна зададзенай прамой a. У выпадку перпендыкулярнасці прамой n і плоскасці α′ П. наз.прамавугольнай (артаганальнай). Цэнтр. П. — аснова перспектывы. Цэнтр. і паралельная (у прыватнасці, артаганальная) П. знаходзяць дастасаванні ў нарысоўнай геаметрыі. Спец. віды праектавання на плоскасць, сферу, эліпсоід і інш. паверхні выкарыстоўваюцца ў астраноміі, геаграфіі, крышталяграфіі, тапаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАВА́Я ПРАЕ́КЦЫЯ,
утварэнне на экране відарыса аб’екта, змешчанага на шляху светлавых прамянёў. Асн. спосабы атрымання С.п.: ценявая праекцыя (непразрысты ці паўпразрысты аб’ект размяшчаецца паміж крыніцай святла і экранам), з дапамогай праекцыйных апаратаў, камеры-абскуры і інш. С.п. — аснова кінатэхнікі, выкарыстоўваецца таксама ў рэнтгенаскапіі, мікрафільмаванні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎНАПЕРАМЕ́ННЫ РУХ,
механічны рух часціцы (матэрыяльнага пункта), пры якім модуль тангенцыяльнага паскарэння (у выпадку прамалінейнага руху модуль поўнага паскарэння) застаецца пастаянным. Пры Р.р. праекцыя скорасці v часціцы на напрамак руху і шлях S, пройдзены ад пач. становішча, у кожны момант часу t вызначаюцца формуламі: v = v0 + at, s = v0t + at2/2, дзе v0 — пач. скорасць, a — праекцыя тангенцыяльнага (поўнага) паскарэння на напрамак руху. Пры a > 0 рух роўнапаскораны, пры a < 0 — роўназапаволены, пры a = 0 — раўнамерны.