КРЭАЗО́Т (ад грэч. kreas мяса + sozo выратоўваю, захоўваю),

смалістая вадкасць з едкім пахам, якую атрымліваюць сухой перагонкай драўніны (звычайна бука) або вылучаюць з фракцый разгонкі кам.-вуг. смалы. Складаецца з фенолаў і іх эфіраў, а таксама нафталіну і антрацэну. Выкарыстоўваецца для прапіткі драўніны (каб прадухіліць гніенне), як флотарэагент (пры абагачэнні руд), дэзінфектант (пры дэзінфекцыі); ачышчаны драўняны К. — як антысептык у медыцыне.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДАКТАГЕНІ́Я,

негатыўны псіхічны стан вучня, выкліканы парушэннем пед. такту з боку выхавальніка (настаўніка, трэнера). Выяўляецца ў фрустрацыі, страху, прыгнечаным настроі і інш. Адмоўна ўплывае на дзейнасць вучня, ускладняе міжасобасныя адносіны. У аснове ўзнікнення Д. — псіхічная траўма, атрыманая вучнем па віне педагога. Д. можа стаць прычынай неўрозаў. Каб прадухіліць узнікненне Д., педагог павінен імкнуцца да макс. тактоўнасці ў абыходжанні, улічваць узроставыя і індывідуальна-псіхал. асаблівасці вучняў.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПАЗІТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац dispositivus які распараджаецца),

у цывільным працэсе магчымасць для розных удзельнікаў справы свабодна распараджацца сваімі матэрыяльнымі і працэсуальнымі правамі. Суд садзейнічае ім у рэалізацыі гэтых правоў і ажыццяўляе кантроль за законнасцю іх распарадчых дзеянняў: з мэтай аказання падтрымкі бакам і інш. удзельнікам справы, паколькі юрыд. недасведчанасць і інш. акалічнасці могуць ускладніць належную абарону імі сваіх правоў і інтарэсаў, і каб прадухіліць злоўжыванне ўдзельнікамі справы іх правамі.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПРЭ́СІЯ ў біялогіі,

рэзкае паніжэнне колькасці асобін папуляцыі або віду. Можа быць выклікана зменамі клімату ці інш. абіятычнымі фактарамі, біяцэнатычнымі ўзаемаадносінамі (напр., зніжэнне колькасці ахвяр у выніку павелічэння колькасці драпежнікаў) або ўнутрыпапуляцыйнымі з’явамі (стрэс, эміграцыя і інш.). Тэрмін Д. не прынята ўжываць, калі зніжэнне колькасці асобін адбываецца ў выніку прамога ўздзеяння чалавека. Звычайна Д. мае часовы, нярэдка цыклічны характар (напр., рэгулярныя Д. колькасці лемінгаў у біяцэнозах тундры), аднак у некат. выпадках прыводзіць да поўнага вымірання папуляцыі або віду. Каб прадухіліць іх выміранне, часта патрабуюцца спец. меры аховы.

В.​В.​Грычык.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,

у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.

Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАГА КАНА́ЛА АБАРО́НА 1944,

абарона Дняпроўска-Бугскага канала фарміраваннямі Брэсцкага і Пінскага партыз. злучэнняў у Вял. Айч. вайну ў лют.сак. 1944.

Гітлераўскае камандаванне групы армій «Цэнтр» вырашыла ачысціць раён паміж р. Прыпяць і Дняпроўска-Бугскім каналам ад партызан, каб прадухіліць іх злучэнне з часцямі Чырв. Арміі. Для барацьбы з карнікамі была арганізавана часовая групоўка партыз. сіл Паўднёвай зоны, якая налічвала каля 6 тыс. чал. Больш за месяц (з 21.2.1944 па 31.3.1944) партызаны вялі баі з вял. групоўкай праціўніка, гэтым істотна дапамаглі Чырв. Арміі, якая вяла тут наступленне. У в. Зарэчка Драгічынскага р-на ў гонар бел. партызан пастаўлены помнік.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ НЕРАСПАЎСЮ́ДЖВАННІ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І,

міжнароднае пагадненне, адкрытае для падпісання 1.7.1968. Распрацаваны па ініцыятыве ядз. дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, падпісаны імі, усяго ўдзельнікаў — больш за 130 дзяржаў. Дагавор абавязвае ядз. дзяржавы не перадаваць няядзерным дзяржавам ядз. зброю ў любым выглядзе і не дапамагаць ім набываць яе. Няядзерныя дзяржавы ў сваю чаргу абавязаліся ўстрымацца ад набыцця такой зброі. Дагавор прадугледжвае кантроль з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі за тым, каб прадухіліць проціпраўны пераход ад мірнага выкарыстання ядз. энергіі да вытворчасці ядз. зброі. Рэспубліка Беларусь далучылася да дагавора ў якасці няядзернай дзяржавы на падставе Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 4.2.1993.

Ю.​П.​Броўка.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГЛЫЯ, збегі,

групы, сем’і сялян ці асобныя сяляне ў ВКЛ, якія без ведама і дазволу феадала кідалі сваю гаспадарку і патаемна перасяляліся ў інш. месцы (найчасцей у інш. вёскі, гарады). Уцёкі былі адной з пасіўных формаў класавай барацьбы сялян, яны пачасціліся па меры ўвядзення і ўзмацнення прыгону, асабліва ў час заснавання фальваркаў. Сяляне пагранічных ваяводстваў ВКЛ часта ўцякалі за мяжу — у Расію, Прусію, на Украіну. За 2-ю пал. 16—17 ст. сейм Рэчы Паспалітай прыняў каля 20 пастаноў аб уцёках сялян са шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ. Каб прадухіліць уцёкі, былі расшыраны паліцэйскія функцыі сельскага войта, уведзена кругавая парука і адпрацоўка паншчыны абшчынай за збеглага, уведзены штрафы за прыём беглых і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІННІ́ЦКІ (Юрый) (Георгій, свецкае імя Габрыэль; 1660—23.9.1713),

уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З укр. шляхецкага роду герба «Сас». Служыў у войску, займаў адм. пасады, пасол на Варшаўскі вальны сейм 1690 ад Рускага ваяв. У 1700 прыняў манаства. У 1700—13 епіскап перамышльскі. З 1708 адміністратар (в.а. кіраўніка) Кіеўскай мітраполіі, Уладзіміра-Брэсцкай і Львоўскай епархій. Ад кіравання мітраполіяй адхілены каралём Станіславам Ляшчынскім, але пасля вяртання на трон караля Аўгуста II у 1710—13 мітрапаліт кіеўскі. Актыўна пашыраў унію на зах.-ўкр. землях, нават шляхам закрыцця правасл. цэркваў; адначасова імкнуўся прадухіліць пераход шляхты ў рымска-каталіцкі абрад, але беспаспяхова.

Літ.:

Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907.

С.​В.​Казуля.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЁКАЎСХО́ДНЯЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на тэр. Усх. Сібіры і Д.​Усходу ў 1920—22. Створана паводле рашэння ЦК РКП(б) з мэтай прадухіліць напад Японіі на РСФСР і забяспечыць умовы для ліквідацыі яп. інтэрвенцыі і белагвардзейскага руху на Д.​Усходзе. Абвешчана 6.4.1920 на Устаноўчым з’ездзе працоўных Прыбайкалля. Уключала Забайкальскую, Амурскую, Прыморскую, Камчацкую вобласці і Паўн. Сахалін. Сталіца — Верхняудзінск (цяпер Улан-Удэ), з 10.11.1920 — Чыта. Прызнана сав. урадам 14.5.1920. У маі 1921 белагвардзейцы пры падтрымцы яп. інтэрвентаў захапілі ўладу ва Уладзівастоку, у снеж. 1921 — у Хабараўску. Пасля заняцця часцямі Нар.-рэв. арміі рэспублікі (каманд. В.К.Блюхер) Хабараўска (14.2.1922), Уладзівастока (25.10.1922) і інш. Японія эвакуіравала свае войскі.

Літ.:

Сонин В.В. Становление Дальневосточной республики, 1920—1922. Владивосток, 1990.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)