ПРАГУ́Л,
няяўка работніка на работу або адсутнасць яго на рабоце без уважлівых прычын больш за 3 гадз на працягу прац. дня. Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — адна з падстаў для скасавання прац. дагавора (кантракта) да заканчэння тэрміну яго дзеяння па ініцыятыве наймальніка. Існуе таксама паняцце т.зв. вымушанага П., які адбываецца з прычыны незаконнага звальнення работніка. Пры аднаўленні яго на рабоце па рашэнні органа, які разглядаў прац. спрэчку, работніку выплачваецца сярэдні заработак за час вымушанага П.
т. 12, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,
антысацыяльнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае якія-н. нормы права і прычыняе грамадству шкоду. Падзяляюцца на: цывільныя (прычыненне шкоды асобе, маёмасці грамадзяніна або арг-цыі), адміністрацыйныя (напр., парушэнне правіл дарожнага руху і інш.), дысцыплінарныя і інш. правіннасці (напр., прагул). Найб. небяспечны від П. — злачынства. За П. законам прадугледжана адпаведная цывільная, адм., дысцыплінарная і крымін. адказнасць. П. бывае і міжнародным (парушэнне дзяржавай або інш. суб’ектам міжнар. права сваіх міжнар. абавязкаў).
т. 12, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)