БАДЭ́Н ((Bodin) Жан) (1530, г. Анжэ, Францыя — 1596),
французскі мысліцель, сацыёлаг, прававед. Вывучаў права ў Тулузе. У працы «Метад лёгкага вывучэння гісторыі» (1566) разглядаў грамадства як суму кроўна-гасп. саюзаў. У творы «Шэсць кніг пра рэспубліку» (1576), адмаўляючы боскае паходжанне ўлады, абгрунтоўваў ідэю спадчыннай манархіі. Прычынай паліт. пераваротаў лічыў маёмасную няроўнасць. У кн. «Дыялог сямі чалавек» (1593) абараняў дэістычную ідэю прыроднага паходжання рэлігіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Рыгор Аляксеевіч) (н. 13.2.1955, Мінск),
бел. вучоны-прававед. Д-рюрыд.н. (1994). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 на выкладчыцкай рабоце ў БДУ, з 1986 — у сакратарыяце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 член, з 1997 Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы прац. і канстытуцыйнага права. Аўтар прац: «Адказнасць бакоў працоўнага дагавору за нанесеную шкоду» (1989), «Парламент Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйна-прававы аспект» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТУ́НДУС (Мялецкі Аўгусцін; ? — 1582), прававед, грамадскі і дзярж. дзеяч ВКЛ. Звесткі пра час і месца нараджэння не захаваліся. У 1538 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, у 1542 упамінаецца як д-р кананічнага і свецкага права ў гэтым ун-це. Пры вял. князю Жыгімонце I Старым займаў пасаду сакратара дзярж. канцылярыі. Займаўся сістэматызацыяй магдэбургскага права. Удзельнічаў у падрыхтоўцы праектаў Статутаў ВКЛ 1566 і 1588. Апошнія гады жыцця быў сакратаром у Стафана Баторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЎШ (Віктар Іванавіч) (н. 24.8.1930, г. Брэст),
бел. філосаф і прававед. Д-рфілас.н. (1982), праф. (1987). Скончыў Кіеўскі ун-т (1955). Выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (у 1989—95 нам. дырэктара). Даследуе сац. філасофію і тэорыю развіцця грамадства, замежныя ідэйна-паліт. плыні, праблемы футуралогіі, філасофіі, гісторыі, палітыкі, права. Аўтар прац «Сацыяльная тэхналогія» пра будучае: ілюзіі і міфы» (1976), «Футуралогія і антыкамунізм» (1977), «Рэальны сацыялізм і сучасныя «крыжаносцы» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ ((Karski) Мацей) (24.2.1662, Дабжынская зямля, Польшча — 10.2.1717),
філосаф, прававед. Вучыўся ў Віленскай акадэміі (1683—86), Полацкім езуіцкім калегіуме, у Варшаве (1689—93). Праф. рыторыкі ў Плоцку і Варшаве, выкладаў філасофію ў Полацку (1696—99). Рэктар Полацкага калегіума (з 1709), Віленскай акадэміі (з 1710). Аўтар «Курса філасофіі і логікі...» (1696, рукапіс захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та), які складаецца з 8 трактатаў: «Логіка як мова навукі», «Аб метэорах», «Тайны навукі этыкі» і інш. У «Трактаце пра душу» даў аналіз адчуванняў, пачуццяў, уяўленняў і інш. элементаў псіхалогіі, апісаў органы пачуццяў, што сведчыла аб пэўным адыходзе ад схаластычнай філасофіі, якая адмаўляла прынцыпы сенсуалізму. Пасля ўдзелу ў падрыхтоўцы новага польскамоўнага выдання Статута ВКЛ 1588 (Вільня, 1693) К. набыў вядомасць як «знаўца айчынных законаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАІ́ЗІЙ (Пётр) (?—1571),
прававед, адзін з заснавальнікаў навук. школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Падуі і Балонні. Выкладаў права ў Кракаўскім ун-це. Перасяліўшыся ў ВКЛ, служыў у жамойцкага біскупа Я.Даманеўскага і пакінуў вял.літ.-прававую спадчыну. У 1561 склаў для біскупства Канстытуцыю і Навелы — законапалажэнні і правілы, якімі яно павінна было карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад гаспадарскага суда, дзе разглядаліся апеляцыі ад гарадоў з магдэбургскім правам. Аўтар працы «Заключэнне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях Літвы, і аб абскарджанні судовых рашэнняў» (выд. ў 1563 у Кракаве, у 1570 у Франкфурце-на-Майне, у 1572 у Венецыі). Прыходскую школу Р. ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку суддзяў, адвакатаў і інш.суд. чыноўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГЕЛЬ (Мацей) (6.8.1715, былая в. Гембулы Лідскага пав. Віленскага ваяв. — 24.2.1760),
педагог, гісторык-архівіст, прававед. Пасля заканчэння піярскай школы ў Шчучыне ўступіў у ордэн піяраў (1730, святар з 1732) і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. З канца 1740-х г. рэктар піярскага калегіума ў Вільні, заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі. У 1748 як пасол Рэчы Паспалітай меў магчымасць працаваць у архівах і б-ках Германіі, Францыі, Галандыі, дзе сабраў шмат гіст. і дыпламат. дакументаў. Запланаваў выданне збору міжнар. трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», выйшлі 3 тамы (т. 1, 1758, т. 4, 1764, т. 5, 1759). Нявыдадзеныя матэрыялы захоўваюцца ў Рас.нац. б-цы ў Пецярбургу. Выдаў збор дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вял.кн. Літоўскага» (1758) па размежаванні дзярж. граніцы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне 16 ст. Зборнікі Д. як гіст. крыніца не страцілі свайго значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДО́ЎСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (25.12.1841, б. Валуйскі пав. Варонежскай губ., Расія — 18.11.1889),
расійскі вучоны-прававед, публіцыст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1862). З 1867 дацэнт, з 1869 праф. Пецярбургскага ун-та. У сваёй асн. працы «Пачаткі рускага дзяржаўнага права» (т. 1 — «Пра дзяржаўны лад», 1875; т. 2 — «Органы кіравання», 1876; т. 3 — «Органы мясцовага кіравання», 1883) імкнуўся сумясціць два падыходы: дзяржаўнай школы, якая зыходзіла з вядучай ролі дзяржавы і ўладных структур у грамадскім развіцці, і гіст. школы, якая рашаючае значэнне надавала эканам. і сац.-культ. фактарам. У кн. «Дзяржаўнае права важнейшых еўрапейскіх дзяржаў» (1886) і інш. аналізаваў паліт. і дзярж. вопыт Зах. Еўропы, раскрываў змест важнейшых атрыбутаў паліт. працэсу — парламентарызму, канстытуцыяналізму, сістэмы падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, лічыў, што гэты вопыт дастасоўны да рас. грамадства. Супрацоўнічаў у ліберальным перыяд. друку.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. СПб., 1899—1904;
Политика, история и администрация: Крит. и полит. статьи. СПб., 1871;
Государство и народность: Опыт постановки нац. вопр. М., 1873;
Трудные годы (1876—1880): Очерки и опыты. СПб., 1880.
нямецкі філосаф, эканаміст, прававед. Прыват-дацэнт Берлінскага ун-та (1863—77). Імкнуўся стварыць філас. сістэму абсалютных ведаў, якая грунтавалася на апрыёрных, аксіялагічных прынцыпах; яе тэарэт. аснова — кантыянства, пазітывізм, вульгарны матэрыялізм. Сусвет разглядаў як бясконцы, але які мае пачатак у часе, адмаўляўся пры гэтым ад прызнання боскага першаштуршка і дапускаў спрадвечнае адзінства матэрыі і мех. сілы. Законы дыялектыкі, паводле Дз., — лагічныя канструкцыі, што звонку накладваюцца на з’явы. У тэорыі пазнання проціпастаўляў ісціну і памылковы погляд, адхіляў дыялектыку адноснай і абс. ісціны. У сацыялогіі прытрымліваўся канцэпцыі «рабінзанады» — прызнаваў існаванне ізаляваных індывідаў, а ў аснову фарміравання адносін паміж імі паклаў «тэорыю насілля». Насілле лічыў прычынай сац. няроўнасці і галечы, быў праціўнікам рэв. пераваротаў у грамадстве, спрабаваў тэарэтычна абгрунтаваць ідэю паступовых сац. пераўтварэнняў на карысць чалавека. Аўтар прац «Крытычная гісторыя ўсеагульных прынцыпаў механікі» (1873), «Курс філасофіі» (1875), «Курс нацыянальнай і сацыяльнай эканомікі» (1876), «Логіка і тэорыя пазнання» (1878) і інш. Ідэі Дз. супрацьстаялі вучэнню К.Маркса; крытычную ацэнку ім даў Ф.Энгельс у працы «Анты-Дзюрынг» (1877—78).
Тв.:
Рус.пер. — Курс национальной и социальной экономики... СПб., 1893;
Ценность жизни... СПб., 1894;
Великие люди в литературе: Критика современной лит. с новой точки зрения. СПб., 1897;
Социальное спасение — в действительном праве. СПб., 1909.