«Библиотека поэта» (серыя кніг) 3/564

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХА́РН (Verhaeren) Эміль (21.5.1855, Сент-Аман, каля г. Антверпен, Бельгія — 27.11.1916),

бельгійскі паэт, драматург і крытык. Пісаў на франц. мове. Скончыў езуіцкі калегіум і юрыд. ф-т Брусельскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў літ. руху «Маладая Бельгія» (1881). Аўтар паэт. зб-каў «Фламандкі» (1883), «Манахі» (1886), «Вечары» (1887), «Крушэнні» (1888), «Чорныя паходні», «Постаці на маёй дарозе» (абодва 1891), «Ашалелыя вёскі» (1893), «Гарады-спруты», «Прывідныя вёскі», «Дванаццаць месяцаў» (усе 1895), «Лозы майго муру» (1899), «Мітуслівыя сілы» (1902), «Уся Фландрыя» (190411), «Паэмы і легенды Фландрыі і Брабанта» (1916), лірычных драм («Кляштар», 1900), маст. біяграфій («Рэмбрант», 1904; «Рубенс», 1910), антываен. публіцыстычнай кнігі «Скрываўленая Бельгія» (1915). У паэзіі Верхарна адчувальны ўплыў творчасці У.​Уітмена і франц. сімвалістаў. Яна надзвычай цікавіла М.​Багдановіча, які пераклаў на бел. мову верш Верхарна «Паўстанне». Творы Верхарна перакладаў на бел. мову Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Няўлоўнае;

Пабожнае // Наша слова. 1994. 30 сак.;

Рус. пер. — Избранное. М., 1955;

Избр. стихотворения. М., 1984.

Літ.:

Волошин М. Верхарн: Судьба, творчество, переводы. М., 1919;

Фрид Я.В. Эмиль Верхарн: Творческий путь поэта. М., 1985.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Э.Верхарн.

т. 4, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч

(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),

татарскі паэт. Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.​Агняцвет, М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, С.​Гаўрусёў, Л.​Дайнека, А.​Пысін, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;

Я гляджу на зоры. Мн., 1985.

Літ.:

Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;

Мустафин Р.А. По следам поэта-героя. М., 1971.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗАМІ́ ГАНДЖЭВІ́ (Гянджэві) Абу Мухамед Ільяс ібн Юсуф

(каля 1141, г. Гянджа, Азербайджан — каля 1209),

азербайджанскі паэт і мысліцель. Меў рознабаковую адукацыю. Пачынальнік дыдактычнага жанру ва ўсх. паэзіі. Пісаў на перс. мове. Аўтар «Хамсэ» («Пяцерыцы») — твора з 5 паэм (60 тыс. вершаваных радкоў); філас.-дыдактычнай «Скарбніца таямніц» (паміж 1173 і 1180), любоўна-рамантычных «Хасроў і Шырын» (1181), «Лейлі і Меджнун» (1188, аднайм. опера У.​Гаджыбекава, паст. 1908), «Сем прыгажунь» (1197, аднайм. балет К.​Караева, паст. 1952) і «Іскандэр-намэ» (каля 1203). Паэмы адметныя шматграннасцю асэнсавання жыцця, гуманіст. зместам, дыдактычна-філас. ідэямі, вобразнасцю мовы. У іх тэмы кахання і жанчыны, стваральнай працы, ідэальнага правіцеля. Вядомы шматлікія назірэ (паэт. адказы) і наследаванні яго паэмам на розных мовах. Часткова захаваліся творы лірычнага дывана Н. (касыды, газелі, рубаі, кіт’а). На бел. мову раздзел з паэмы «Скарбніца таямніц» пераклалі А.​Бачыла і Р.​Няхай.

Тв.:

Рус. пер. — Пять поэм. М., 1968;

Стихотворения и поэмы. Л., 1981.

Літ.:

Бертельс Е.Э. Низами: Творческий путь поэта. М., 1956;

Мустафаев Дж. Философские и этические воззрения Низами. Баку, 1962.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЬВІ́НСКІ Ілья (Карл) Львовіч (24.10.1899, г. Сімферопаль, Украіна, — 22.3.1968),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). Друкаваўся з 1915. У 1920-х г. адзін з лідэраў канструктывізму (паэмы «Улялаеўшчына», 1927, новы варыянт 1956; «Нататкі паэта», 1927). Раннія творы адметныя эксперыментатарствам у галіне паэт. формы і мовы. У 1933 як карэспандэнт «Правды» ўдзельнічаў у паходзе «Чэлюскіна» (паэма «Чэлюскініяна», часткова апубл. 1937—38; перапрацавана ў раман «Арктыка», апубл. 1957). У трагедыі «Камандарм-2» (паст. 1929 У.​Меерхольдам), рамане ў вершах «Пушторг» (1928) тэмы грамадз. вайны, нэпа. У 1930-я г. распрацоўваў жанр гіст. трагедыі ў вершах («Рыцар Іаан», 1937; «Ба- бек», 1941; трылогія «Расія», 1944—57). Аўтар аўтабіягр. рамана «О, юнацтва маё!» (1966), п’есы «Умка — Белы Мядзведзь» (1933), лірычнай трагедыі «Царэўна-Лебедзь» (апубл. 1968), кн. «Студыя верша» (1962) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1971—74;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989;

Театр поэта. М., 1965.

Літ.:

Резник О. Жизнь в поэзии: Творчество Ильи Сельвинского. З изд. М., 1981;

О Сельвинском: Воспоминания. М., 1982.

т. 15, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКІН Рыгор Саламонавіч (3.7.1918, Магілёў — 1.12.1981),

бел. крытык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1936—38). Друкаваўся з 1935. У крас. 1941 арыштаваны. Калі 26.6.1941 калону арыштаваных кінуў канвой, вярнуўся ў Магілёў, папрасіўся на фронт. Ваяваў да канца вайны. Паўторна арыштаваны ў 1949, да 1955 у лагерах Карагандзінскай і Омскай абласцей. Рэабілітаваны ў 1956. Працаваў у рэдакцыях літ. перыяд. выданняў, у 1970—75 у рэдакцыі бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Даследаваў пераважна паэзію, пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей («Паэзія праўды», 1958; «Спадарожніца часу», 1961; «Пімен Панчанка», 1968; «Постаці», 1971; «Аркадзь Куляшоў», 1978). У кн. «Свет Купалы» (1965), «Чалавек на досвітку» (1970, на рус. мове), «Звенні» (1976) даследаваў спадчыну Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі, узаемадзеянне бел. і рус. літаратур.

Тв.:

Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Свет Купалы;

Звенні. Мн., 1981;

Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.​Багдановіча. Мн., 1986;

Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989.

Літ.:

Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960. № 1;

Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962. № 6;

Каваленка В. Крытык і паэт // Там жа. 1969. № 5;

Лойко О. Открытие поэта // Вопр. лит. 1967. № 3;

Бечик В.В. В неразрывном единстве // Неман. 1978. № 6.

І.​У.​Саламевіч.

Р.Бярозкін.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДРАБКАЛН (Sudrabkalns) Яніс (сапр. Судрабкалнс Арвід, да 1923 Пейне Арвід; 17.5.1894, с. Інчукалнс Рыжскага р-на, Латвія — 4.9.1975),

латышскі паэт. Засл. дз. культ. Латвіі (1943). Нар. паэт Латвіі (1947). Акад. АН Латвіі (з 1973). Герой Сац. Працы (1974). Друкаваўся з 1909. Выступіў як рамантык (зб. «Крылатая Армада», 1920). Зб-кі вершаў «Пераўтварэнні» (1924), «Ліхтар на ветры» (1931) адметныя эмацыянальнасцю і інтэлектуальнасцю, віртуознасцю формы. Гумарыст. і сатыр. вершы ў зб-ках «Трубадур на асле» (1921), «Джэнтльмен у бэзавым фраку» (1924). Паэт. зб-кі «У братняй сям’і» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Яшчэ адна вясна» (1964, Дзярж. прэмія Латвіі 1965), «Ясень за акном» (1969), «Летуценнікам» (1974) прасякнуты грамадз. матывамі. Аўтар кніг лірычных мініяцюр, публіцыстыкі. Пераклаў на лат. мову верш Я.​Купалы «Абвілася краіна». Аўтар верша «Памяці Купалы». Сярод перакладчыкаў яго вершаў на бел. мову Э.​Агняцвет, П.​Броўка, С.​Блатун, С.​Гаўрусёў, С.​Грахоўскі, А.​Звонак, В.​Зуёнак, А.​Кудравец, Е.​Лось, М.​Танк, Г.​Шаранговіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Яшчэ адна вясна. Мн., 1969;

У кн.: Латышская савецкая паэзія. Мн., 1984. Т. 1;

У кн.: Песня Даўгавы. Мн., 1986;

Рус. пер. — Избранное. М.; Л., 1948;

Стихи. М., 1964;

Две новеллы. Рига, 1971.

Літ.:

Трофимов Р. Путь поэта. Рига, 1964.

М.​Абала.

Я.Судрабкалн.

т. 15, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ШЫН (сапр. Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч

(28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),

рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт. зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.

Тв.:

Стихотворения. Л., 1977;

Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;

Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.

Літ.:

Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.​Волошина). Киев, 1978;

Волошинские чтения. М., 1981;

Пейзажи Максимилиана Волошина. Л., 1970.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.Валошын.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРКО́Ў Аляксей Аляксандравіч (13.10.1899, в. Сераднёва Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 14.6.1983),

рускі паэт, грамадскі дзеяч. Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. культ. Арменіі (1970). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1934). У 1944—46 гал. рэдактар «Литературной газеты», у 1945—53 час. «Огонек». Друкаваўся з 1918. Першая кніга вершаў — «Запеў» (1930). Зб-кі вершаў «Апошняя вайна» (1933), «Так мы раслі» (1940) прасякнутыя героікай грамадз. вайны. У песнях «Зямлянка» («Б’ецца ў цеснай пячурцы агонь...»), «Песня смелых» і інш. (Дзярж. прэмія СССР 1946), зб-ках «Снежань пад Масквой» (1942), «Расія караючая» (1944), «Свету — мір!» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Песні пра чалавецтва» (1961), «Што такое шчасце?» (1969) услаўленне парыву да перамогі, барацьбы за мір. Неаднаразова бываў на Беларусі: удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (1939), прысутнічаў на Нар. сходзе Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток) і інш. Па матывах бел. нар. песень напісаў вершы «Над зялёнай магілай», «Заспявала дзяўчына», «Удовіна». Партызанам Беларусі, гераізму, мужнасці і стойкасці яе народа ў Вял. Айч. вайну прысвяціў вершы «Дзед Талаш», «Беларусь», «Вораг увайшоў у мой дом і разбіў...», «Клятва над кроўю», «Лясны бой пад Полацкам». Да 35-годдзя літ. дзейнасці Я.​Купалы напісаў арт. «Народны паэт» (1940) і інш. Перакладаў вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Куляшова, А.​Александровіча, М.​Машары. На бел. мову асобныя вершы С. перакладалі А.​Астрэйка, С.​Дзяргай, М.​Аўрамчык, А.​Вялюгін, Х.​Жычка, А.​Звонак, К.​Кірэенка, У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1978—80;

Бел. пер. — у кн.: Анталогія рускай савецкай паэзіі. Мн., 1936;

Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

Літ.:

Резник О.С. Алексей Сурков: Путь поэта. 3 изд. М., 1979.

У.​А.​Паўлаў.

А.А.Суркоў.

т. 15, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕТ (сапр. Шаншын) Апанас Апанасавіч

(5.12.1820, с. Навасёлкі Мцэнскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 3.12.1892),

рускі паэт, празаік, перакладчык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). З 1845 на вайск. службе, з 1858 у адстаўцы. Першы зб. вершаў «Лірычны пантэон» (1840). Творчасць Ф. — новы этап у рус. рамант. паэзіі. Яго вершы адметныя пранізлівым лірызмам у апісанні дакладных карцін прыроды, мімалётных настрояў і імкненняў душы. Яны вылучаюцца музычнасцю, меладычнасцю, разнастайнасцю рытмаў і гукаў: зб-кі «Вершы» (1850, 1856, ч. 1—2, 1863). З канца 1860-х г. у паэзіі матывы трагізму, дысгармоніі і тугі: зб-кі «Вячэрнія агні» (вып. 1—4, 1883—91). Аўтар рэаліст. аповесці «Сям’я Гольц» (1870), цыклаў нарысаў, апавяданняў, навел «З вёскі» і «Запіскі вольнанаёмнай працы», кн. «Мае ўспаміны» (ч. 1—2, 1890), «Раннія гады майго жыцця» (апубл. 1893). Пераклаў асобныя творы ант. і ўсх. аўтараў, а таксама І.​В.​Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 1882—88), Г.​Гейнэ, Дж.​Байрана, П.​Беранжэ, А.​Міцкевіча, трагедыі У.​Шэкспіра, кн. А.​Шапенгаўэра «Свет як воля і ўяўленне» (1881). Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку А.​Арэнскім, М.​Балакіравым, А.​Гурылёвым, С.​Рахманінавым, М.​Рымскім-Корсакавым, П.​Чайкоўскім. На бел. мову паасобныя вершы Ф. пераклалі У.​Данілаў, П.​Макарэвіч.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. 2 изд. Л., 1959;

Соч. Т. 1—2. М., 1982;

Стихотворения. Проза. Воронеж, 1978;

Воспоминания. Т. 1—3. М., 1992;

Лирика. Мн., 2000.

Літ.:

Озеров Л. А.​А.​Фет: О мастерстве поэта. М., 1970;

Бухштаб Б.Я. А.​А.​Фет: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1990;

Благой Д. Мир как красота: О «Вечерних огнях» А.​Фета. М., 1975.

Л.​В.​Календа.

А.​А.​Фет.

т. 16, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)