ГРЭ́ЧАСКАЯ ГУ́БКА

(Spongia officinalis),

беспазваночная жывёла атр. крэменерагавых губак. Пашырана на невял. глыбінях у цёплых морах.

Шкілет складаецца з густой сеткі рагавых валокнаў бялковага рэчыва спангіну, эластычны, гіграскапічны, порысты. Належаць да групы туалетных губак, аб’ект промыслу; выкарыстоўваецца ў хірургіі (замест ваты), як туалетная рэч, у прам-сці. Промысел найб. развіты ў Міжземным м. Разводзяць штучна.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАПАРЫ́Т,

штучны порысты буд. матэрыял. Атрымліваецца спяканнем гліністых парод або адходаў абагачэння і спальвання вугалю (шлакаў, попелу) з далейшым драбненнем на фракцыі (друз, гравій, пясок). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для вырабу лёгкіх (аглапарытабетон), гарачаўстойлівых і кіслотатрывалых бетонаў, як цеплаізаляцыйныя, водапаглынальныя і водазатрымныя засыпкі. Тэхналогія вытв-сці аглапарыту з рыхлых гліністых парод распрацавана ў НДІ будматэрыялаў (Мінск, 1958).

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЦЫЯ́ТЫ

(Archaeocyatha),

тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.

Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)