КУЙ,
у старажытнакітайскай міфалогіі пачвара ў выглядзе аднаногага бязрогага попельна-сіняга быка, які мог хадзіць па паверхні мора, выклікаць моцны вецер і лівень. У некаторых помніках К. — аднаногі дракон або дух дрэў і камянёў, што жыве ў гарах. Пазней вобраз пачвары К. злучаны з Куем, што загадваў музыкай пры міфічным правіцелі Шуні.
т. 8, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТА́ЙЧЫЦЫ,
могільнік і курганны могільнік каля в. Ратайчыцы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Могільнік паморскай культуры (4—2 ст. да н.э.). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Ю.У.Кухарэнка выявіў 2 пахаванні 11—13 ст. паводле абраду трупапалажэння ў прамавугольных ямах. Знойдзена трохпацеркавае бронзавае скроневае кольца. Курганны могільнік належаў дрыгавічам (10—12 ст.). Даследавана 29 курганоў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на З (у 2 курганах на У) у насыпе і на гарызонце, некат. на попельна-вугальнай падсыпцы. У адным кургане пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены ганчарныя гаршкі, нажы, крэсівы, абручы і дужкі ад драўлянага вядра, прасліцы са сланцу, скроневыя кольцы, бронзавыя зярнёныя і шкляныя пацеркі, сярэбраныя пярсцёнкі і інш.
Т.М.Каробушкіна.
т. 13, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд. м³.
т. 14, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)