Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Гаўрыла з Полацка, гл. Цётка
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Полацка-Лепельская бітва 1944 8/133, 266, 487—488
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКА-ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́»
(«Полоцко-Витебская старина»),
выданне Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выйшла 3 т. (т. 1, 1911; т. 2, 1912; т. 3, 1916; усе ў Віцебску). Асн. тэматыка — гісторыя Полацка-Віцебскага краю 9—19 ст. і дакументы аб вайне 1812. Надрукаваны артыкулы А.П.Сапунова «Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі» (т. 1), «Сказанні ісландскіх ці скандынаўскіх саг аб Полацку, князях полацкіх і р. Заходняй Дзвіне» (т. 3), Дз.С.Леанардава «Полацкі князь Усяслаў і яго час» (т. 2, 3), П.М.Красавіцкага «Помнікі царкоўнай даўніны Полацка-Віцебскага краю і іх захаванне» (т. 1), І.Я.Мітрошанкі «Езуіты ва ўсходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года» (т. 2) і інш. Пра падзеі вайны 1812 на Віцебшчыне змяшчаліся матэрыялы, якія захоўваліся ў Віцебскім губ. архіве, асабістых архівах нашчадкаў удзельнікаў тых падзей і з інш. крыніц. У выданні асвятляліся падзеі навук., культ. і грамадскага жыцця Віцебшчыны. Рэгулярна змяшчаліся справаздачы пра дзейнасць мясц. архіўнай камісіі.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1563.
Адбылася ў час Лівонскай вайны 1558—83 супраць рас. войска. 31.1.1563 Полацк быў абложаны больш як 60-тысячнай арміяй цара Івана IV Грознага. Горад абараняў гарнізон (у т. л. некалькі польскіх і нанятых ням. рот), полацкая шляхта, гараджане на чале з ваяводам С.Давойнам. 5 лют. Іван IV зрабіў спробу захапіць умацаваны Вял. пасад, але быў выбіты з яго. 8 лют. ўмацаванні пасада былі разбураны артабстрэлам. Давойна адвёў свае сілы ў Верхні замак, а Вял. пасад загадаў падпаліць. 9 лют.рас. войскі захапілі пасад і пачалі артабстрэл замка з усіх бакоў. Абложаныя рабілі вылазкі, але яны не прынеслі рашучага поспеху. 15 лют. Давойна згадзіўся здаць замак і прыбыў у стаўку цара. Але і пасля гэтага некат. абаронцы працягвалі супраціўленне, ім было дазволена з маёмасцю і зброяй без перашкод пакінуць Полацк. Горад быў разрабаваны, шмат гараджан і шляхты выведзена ў палон. Захоп Полацка — буйнейшая перамога Маскоўскай дзяржавы ў вайне, якая значна пагаршала паліт. становішча ВКЛ, выклікала шырокі міжнар. рэзананс і прыспешыла заключэнне Люблінскай уніі 1569 паміж ВКЛ і Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск супраць ням.-фаш. захопнікаў 27 чэрв. — 15 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Вялася 6 дывізіямі 22-й арміі (ген.-лейт. Ф.А.Ершакоў) Зах. фронту. Лінія абароны праходзіла на рубяжы Дзісна—Ула з уключэннем дотаў Полацкага ўмацаванага раёна, які абараняла 174-я стралк. дывізія (камбрыг А.І.Зыгін, з 29 чэрв.нач. Полацкага баявога ўчастка). У паласе 260 км гітлераўцы сканцэнтравалі 16 дывізій. Насельніцтвам Полацка былі падрыхтаваны траншэі і абарончыя ўмацаванні, створаны ахоўны батальён, пярэдні край абароны быў умацаваны процітанк. збудаваннямі. З 29 чэрв. пачаліся масіраваныя атакі на горад, з 3 ліп. — бамбардзіроўкі. З боку Даўгаўпілса і Маладзечна былі затрыманы гал. калоны ворага, 6 ліп. адкінуты на паўд. бераг Зах. Дзвіны з вял. стратамі тэхнікі часці 3-й танк. групы Гота. 7—9 ліп. ў абыход умацаванага раёна абарона месцамі была прарвана, стварылася пагроза акружэння полацкага гарнізона. У ноч на 16 ліп. Зыгін пачаў выводзіць дывізію з акружэння і 20 ліп. прарваў яго, збярогшы людзей і тэхніку. П.а. затрымала прасоўванне захопнікаў на У больш як на 2 тыдні, што паспрыяла зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 500.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя Ушацкага, ч. Ветрынскага, Лепельскага р-наў Віцебскай і ч. Пліскага р-на Вілейскай абл., якую кантралявалі партызаны; найбольшая вызваленая ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Беларусі. Створана ўвосень 1942 у выніку баявых дзеянняў партызан. Да канца 1943 займала 3,2 тыс.км² (каля 1220 нас. пунктаў, больш за 73,5 тыс.чал. насельніцтва). Абаранялі зону 16 партыз. брыгад (17,5 тыс.чал.), былі створаны абарончыя рубяжы з сістэмай акопаў, дзотаў, мінных палёў, на падыходах пашкоджаны і замініраваны аб’езды і дарогі, знішчаны масты, пастаўлены надаўбні. З снеж. 1943 дзеянні партызан каардынавала аператыўная група ЦККП(б)Б і БШПР, штабам якой кіраваў У.Е.Лабанок. Група мела сувязь з 1-м Прыбалт. фронтам і партыз. злучэннямі інш. зон. На тэр. зоны была адноўлена сав. ўлада, базіраваліся раённыя падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся 6 раённых і 2 шматтыражныя газеты, працавалі 22 з-ды, 183 прамысл. прадпрыемствы, 3 электрастанцыі, дзейнічалі 2 партыз. аэрадромы. Гітлераўцы не аднойчы рабілі напады на зону, але беспаспяхова, правялі 5 карных аперацый, у выніку апошніх адбылася Полацка-Лепельская бітва 1944. Зона заставалася пад кантролем партызан амаль да вызвалення Чырв. Арміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,
баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням.танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс.чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс.мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.Ц.Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».