Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙМА, поплаў,
частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.
У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыя — найб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.
На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн. ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХТУ́БА,
левы рукаў ніжняй Волгі, які аддзяляецца ад яе за 21 км вышэй Валгаграда. Даўж. 537 км. Сярэдні расход вады 143 м³/с. Паміж Волгай і Ахтубай — Волга-Ахтубінская пойма — раён агародніцтва і бахчаводства. На Ахтубе — г. Волжскі, Ахтубінск і інш.
т. 2, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬША́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіна. Пл. 0,2 км². Даўж. 0,6 км, найб. шыр. 0,4 км. Пл. вадазбору 11,4 км². Схілы разараныя. Пойма з З і ПдЗ забалочаная. Сцёк праз ручай у Зах. Дзвіну.
т. 1, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., у басейне р. Сіпа (працякае праз возера). Пл. 0,49 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 0,55 км, найб. глыб. 3,8 м. Пл. вадазбору каля 25 км². Берагі спадзістыя, уздоўж іх возера зарастае. Пойма забалочаная.
т. 1, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЖА́НКА,
рака ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 231 км². Пачынаецца каля в. Зарослае. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. да 2 км. Пойма двухбаковая. Рэчышча каналізаванае на працягу 4,5 км.
т. 11, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎПЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Нёман. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 165 км². Пачынаецца каля в. Шніпава. цячэ па Ваўкавыскім узв. Даліна выразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча звілістае, неразгалінаванае, на працягу 16,4 км каналізаванае. Берагі ўмерана стромкія. Каля в. Цярэшкі створана сажалка.
т. 4, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІДЗЕ́Я, Ліда,
рака ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Дзітва (бас. р. Нёман). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 167 км². Пачынаецца каля в. Верхняя Ліда. Асн. прыток — р. Нарва. Даліна пераважна выразная. Пойма перарывістая, у ніжнім цячэнні парэзана меліярац. каналамі. Рэчышча на працягу 20 км каналізаванае. Берагі спадзістыя.
т. 9, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЎКА, Валова, Валуйка,
рака ў Беларусі, у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток Нёмана. Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 253 км². Пачынаецца на паўд. ускраіне г. Навагрудак. Асн. прыток р. Оса. Даліна выразная, у ніжнім цячэнні зліваецца з далінай Нёмана. Пойма вузкая, двухбаковая, нізінная. Рэчышча звілістае, на працягу 5 км каналізаванае.
т. 3, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)