філасофскае паняцце, што азначае нематэрыяльны пачатак у адрозненне ад матэрыяльнага, прыроднага. Азначае таксама мысленне, псіхічныя здольнасці, пачатак, які вызначае паводзіны, унутр. маральную сілу асобы (гл.Духоўнасць). У гісторыі філасофіі Д. трактаваўся як паняцце (панлагізм), субстанцыя (пантэізм), асоба (тэізм, персаналізм). У рацыяналізме вызначальным бокам Д. лічыцца мысленне, свядомасць, у ірацыяналізме — пазаразумовыя аспекты (воля, пачуццё, уяўленне, інтуіцыя і г.д.). Дыялект. матэрыялізм звязвае духоўнае з працэсам і вынікамі чалавечай дзейнасці, з духоўнай вытворчасцю. У стараж.-грэч. філасофіі Д. — пнеўма, нус, логас; у рэліг.-містычных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота (гл. таксама Тройца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына, на якой з роўніцы (ці шарсцяной стужкі) вырабляюць пражу. На П.м. робіцца выцягванне, кручэнне і намотка пражы — залючныя працэсы прадзення.
Мех. П.м. створана ў Вялікабрытаніі (1738). У Расіі з 2-й пал. 18 ст. былі П.м. на ільно- і бавоўнапрадзільных ф-ках. Асн. для прадзення валокнаў з’яўляецца кальцавая (верацённая) П.м., у якой роўніца (стужка) выцягваецца ў выцяжной прыладзе, скручваецца і намотваецца на патрон ці шпулю з дапамогай верацяна і бегунка. У безверацённых пнеўма-мех. П.м. роўніца (стужка) раз’ядноўваецца на асобныя валокны, якія падаюцца ў вярчальную камеру, дзе з іх фарміруецца валакністая стужачка, скручваецца ў пражу і намотваецца на бабіну. Выкарыстоўваюцца ў тэкстыльнай прамысловасці.
Схема прадзільнай машыны: 1 — кольца з бегунком; 2 — выцяжная прылада; 3 — шпулі з роўніцай; 4 — ніткаправаднік; 5 — пачынак з гатовай пражай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для мех. апрацоўкі натуральнай драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. Складаецца з рэзальнай часткі (робіцца са зносаўстойлівых інструментальных сталей, цвёрдых сплаваў, абразіўных матэрыялаў) і мацавальнага прыстасавання (для замацоўвання на дрэварэзальных станках або ўтрымлівання ў руках). Бывае ручны, механізаваны і станочны.
Ручны Д.і. — пілы (лучковыя, двухручныя, нажоўкі), стругі (рубанкі, фуганкі, цыклі), долаты, свердлы, ручныя дрылі, корбы, сякеры, стамескі, штыхелі і інш. З’яўляецца часткай сталярна-цяслярнага інструменту. Механізаваны Д.і. — ручны інструмент з ал., пнеўматычным і інш. прыводам (эл. і бензінавыя ланцуговыя пілы, пнеўма- і электрадрылі, электрарубанкі і інш.). Станочны Д.і. — пілы (у выглядзе палатна, стужкі, дыска, цыліндра, устанаўліваюцца на распіловачных станках); фрэзы (насадныя і канцавыя, суцэльныя, састаўныя і зборныя), нажы стругальныя, лушчыльныя і інш., разцы такарныя (на фрэзерных, стругальных, лушчыльных, рубільных, такарных станках); свердлы, зенкеры, долаты, а таксама цыліндры, дыскі, бясконцыя стужкі з абразіўнай шкуркай, паліравальныя барабаны з абразіўнай пастай (на свідравальных, даўбёжных, шліфавальных і паліравальных станках).
Літ.:
Грубе А.Э. Дереворежущие инструменты. 3 изд. М., 1971;
Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.
А.А.Барташэвіч.
Станочны дрэварэзальны інструмент: 1, 2 — круглая (дыскавая) і паласавая (рамная) пілы; 3 — нож для стругання; 4—6 — цэльная, зборная і канцавая фрэзы; 7 — нож для фасоннага фрэзеравання; 8 — свердзел; 9 — свердзел, скамбінаваны з зенкерам; 10 — ланцуговае долата.