ГУГНІ́Н (Мікалай Аляксандравіч) (н. 28.11.1946, г. Ноўгарад, Расія),

бел. мастацтвазнавец, педагог, графік. Канд. мастацтвазнаўства (1982). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага ун-та (1970) і выкладае ў ім. Даследуе гісторыю і праблемы развіцця бел. кніжнай графікі. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5, 1992), Працуе ў станковай графіцы: каля 70 кніжных знакаў (1966—89), кампазіцыі «Красавік. Ружовы золак» (1970), «Слабада», «Дарога на Лучосу» (абедзве 1988), «Верасень» (1994), «Ранішні снег» (1996) і інш. У творчасці пераважае пленэрны падыход, стрыманасць лінейна-жывапісных рытмаў, някідкія каларыстычныя інтанацыі («Зіма. Богаяўленскі сабор», 1993).

М.​Л.​Цыбульскі.

М.Гугнін. Зіма. Богаяўленскі сабор. 1993.

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БЕРМАН ((Liebermann) Макс) (20.7. 1847, Берлін — 8.2.1935),

нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў Берліне ў К.​Штэфека (1866—68), у Маст. школе ў Веймары (1868—72) Праф. (1897), прэзідэнт (1920) Берлінскай АМ. Заснавальнік «Берлінскага Сецэсіёна» (1898—99). У ранні перыяд працаваў у рэаліст. кірунку. У творах пераважалі сцэны з жыцця сялян і рабочых: «Ашчыпванне гусей» (1872), «Школа шыцця ў Галандыі» (1876), «Амстэрдамскія вязальшчыцы» (1880), «Майстэрня шаўца» (1881), «Селянін у дзюнах» (1895). Пазней пад уплывам імпрэсіянізму яго творчасць набыла пленэрны характар. Ствараў пераважна пейзажы і партрэты, якія вызначаліся святлонасычанасцю, свабоднай пластыкай мазка: «Алея папугаяў» (1902), «На рацэ Альстэр у Гамбургу» (1910), «Галандскі пейзаж» (1912), партрэты А. фон Бергера (1905), Ф.​Заўэрбруха (1932), аўтапартрэт (1909) і інш. Сярод графічных твораў: «Маці з дзіцем» (1891), «Пола» (1912) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

М.Ліберман. Алея папугаяў. 1902.

т. 9, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)