АЛЮМЕ́ЛЬ [ад алюм (іній) + (нік)ель],

сплаў на аснове нікелю з дамешкамі алюмінію (1,8—2,5%), марганцу (1,8—2,2%) і крэмнію (0,85—2,00%), часам цырконію і кобальту. Магнітны, пластычны, са спалучэннем тэрмаэл. уласцівасцяў і гарачатрываласці. Выкарыстоўваецца ў тэрмапарах (з храмелем) для вымярэння т-ры (20—1000 °C).

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІДО́Л (ад лац. solidus шчыльны + oleum масла),

пластычны антыфрыкцыйны змазачны матэрыял; найб. пашыраны від пластычных змазак. Густая маса цёмна-рудога (амаль чорнага) колеру, tпл 75—90 °C. Не раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць загушчэннем індустрыяльнага масла сярэдняй вязкасці кальцыевым мылам на аснове сінт. тлустых кіслот (сінт. С.) ці тлушчаў (тлушчавы С.). Выкарыстоўваюць у падшыпнікавых вузлах, што працуюць пры т-рах ад -30 да 70 °C.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Сямён Іосіфавіч) (24.5.1920, в. Засарыхіна Гарадзецкага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 16.12.1980),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1952). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў, спалучаў псіхал. і пластычны малюнак вобраза. Сярод роляў: Сенатар («Францыск Скарына» А.​Петрашкевіча), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі).

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РГЕЛЬ (Мікалай Сяргеевіч) (н. 1.8.1946, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік. Брат С.С.Гіргеля. Скончыў графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). З 1976 мастак БелТА, з 1991 у газ. «Рэспубліка». Працуе ў жанры карыкатуры, плаката, шаржа. Аўтар зб-каў карыкатур «Сярдзіты аловак» (1978), «Замалёўкі без лакіроўкі» (1989), шаржаў на дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў. Малюнкам Гіргеля ўласцівы праблематычнасць (пластычны малюнак), сатыр. вастрыня.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Гіргель. Экалогія. 1989.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБЕ́Т ((Curbet) Уладзімір Козмавіч) (н. 5.3.1930, с. Суслень Аргееўскага р-на, Малдова),

малдаўскі балетмайстар. Нар. арт. Малдовы (1967). Нар. арт. СССР (1981). З 1950 кіраваў самадз. танц. калектывамі, з 1957 педагог-рэпетытар, з 1958 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар ансамбля нар. танца Малдовы «Жок». Сярод пастановак: «Жок», «Сырба», «Мэрунцыка», «Бэтута», «Хора», «Малдавеняска», «Кэлушарый», «Рэзэшаска», «Крэйцэле», «Цэрэняска» і інш., дзе па-майстэрску ўвасоблены пластычны каларыт з захаваннем аўтэнтычнасці малд. танц. фальклору.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,

помнік эклектычнай архітэктуры. Пабудаваны ў Гродне ў 1884. Трохпавярховы цагляны будынак на высокім цокалі. З паўд. боку да яго прымыкае 2-павярховае крыло. Насычаны арх.-пластычны дэкор уключае руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнаментальныя паясы меандра і дубовых галінак. Па баках фасада над прафіляваным карнізам з сухарыкамі пастаўлены лучковы і прамавугольны атыкі. Бакавы ўваход вылучаны рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе выступаюць глыбокія рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў.

А.​М.​Кулагін, І.​Г.​Трусаў.

Гродзенскага акруговага суда будынак.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫГІ́ДНАСЦЬ (ад лац. rigidus цвёрды),

1) у фізіялогіі — функцыянальны стан шкілетных мышцаў, які характарызуецца рэзкім павышэннем іх тонусу і супраціўляльнасцю дэфармуючым намаганням. У чалавека ўзнікае пры парушэннях, пашкоджанні дзейнасці ц. н. с. і паталаг. раздражненні перыферычных нерваў. Напр., пры атручэнні некат. ядамі, захворваннях нерв. сістэмы, таксама пад гіпнозам узнікае стан пластычнага тонусу: мышцы становяцца воскападобнымі, таму канечнасцям можна лёгка надаць любое становішча на працяглы час. 2) У медыцыне — нягнуткасць, здранцвеласць, выкліканая напружаннем мышцаў. Стан, пры якім зніжана прыстасавальнасць, пераключальнасць псіхічных працэсаў да зменлівых патрабаванняў асяроддзя. Пластычны тонус мышцаў характэрны для асаблівага стану нерв. сістэмы, які наз. васковай Р., або каталепсіяй.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКА ТРЫУМФА́ЛЬНАЯ, трыумфальная брама,

пастаяннае або часовае манументальнае афармленне праезду (звычайна арачнае) або збудаванне ў гонар ваеннай перамогі, гістарычнай падзеі ці асобы. Брамы з адным ці трыма арачнымі пралётамі звычайна маюць насычаны арх.-пластычны дэкор: аздоблены скульптурай, памятнымі надпісамі. Узніклі ў Стараж. Рыме, дзе прызначаліся для цырымоніі ўезду пераможцы: аркі Ціта (81), Септымія Севера (203), Канстанціна (315). Накшталт іх пабудаваны аркі ў Парыжы на пл. Карузель (1806, арх. Ш.​Персье і П.​Фантэн) і пл. Шарля дэ Голя (1837, арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн). У Расіі аркі трыумфальныя будавалі ў гонар ваен. перамог (Трыумфальныя вароты ў Маскве, 1834, В.​Бавэ; Неўскія трыумфальныя вароты ў С.-Пецярбургу, 1833, арх. В.​Стасаў).

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,

будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл. Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДЗІ́НСКАЯ (Наталля Міхайлаўна) (н. 8.8.1912, г. Харкаў, Украіна),

руская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1931, педагог А.Ваганава), з 1964 выкладае ў ім (цяпер Акадэмія рускага балета). У 1931—62 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1951 педагог Марыінскага т-ра. Для яе творчасці характэрны віртуозная тэхніка класічнага танца, экспрэсіўная манера выканання, эмацыянальная выразнасць, вытанчаны пластычны малюнак ролі. Сярод лепшых партый: Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Гаянэ («Гаянэ» А.​Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949, 1951.

Н.Дудзінская ў ролі Раймонды.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)