Кругасветныя плаванні 6/119

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАСВЕ́ТНЫЯ ПЛА́ВАННІ,

плаванні па Сусветным акіяне вакол Зямлі, пры якіх перасякаюцца ўсе мерыдыяны. Даюць магчымасць больш дасканала вывучаць Сусветны ак., выяўляць яго рэсурсы і магчымасці выкарыстання. Першае К.п. зрабіла ісп. экспедыцыя Ф.Магелана (1519—22) праз Атлантычны і Ціхі ак. да Філіпінскіх і Малукскіх а-воў, па Індыйскім ак. вакол Афрыкі. Толькі карабель «Вікторыя» пад камандай Х.​С.​Элькана завяршыў К.п. Экспедыцыя эксперыментальна пацвердзіла тэорыю шарападобнасці Зямлі, адзінства Сусветнага ак., яго перавагу па плошчы над сушаю. Другое К.п. ажыццявіў Ф.Дрэйк (1577—80). У 17—18 ст., каб пракласці марскія шляхі і адкрыць новыя землі для каланізацыі, экспедыцыі арганізоўвалі Нідэрланды, Вялікабрытанія, Францыя. Значныя адкрыцці зрабілі ў час К.п. англічанін У.Дампір (1683—91), нідэрландзец Я.​Рогевен (1721—23), француз Л.А. дэ Бугенвіль (1766—69), англічанін Дж. Кук (1768—80), экспедыцыя Р.Фіцрая (1831—36) з удзелам Ч.Р.Дарвіна. У 19 ст. шмат К.п. здзейснілі рас. мараплаўцы І.Ф.Крузенштэрн, Ю.Ф.Лісянскі, О.Я.Кацэбу, В.​М.​Галаўнін, Ф.П.Літке, С.В.Макараў і інш. Рас. экспедыцыя Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава (1819—21) зрабіла значныя адкрыцці ў Антарктыцы. У 2-й пал. 19 ст. ажыццёўлена англ. экспедыцыя на судне «Чэленджэр». У 20 ст. ў час К.п. зроблены адкрыцці ў Антарктыцы і пачата сістэм. вывучэнне Сусв. акіяна. Вылучаюцца К. п.: дацкае на судне «Дана» (1928—30), англ. на «Дыскаверы II» (1935—40), шведскае на судне «Альбатрос III» (1947—48). У сярэдзіне 20 ст. вывучалася магнітнае поле Зямлі ва ўсіх акіянах сав. немагнітнай шхунай «Зара». У 19—20 ст. шмат К. п. праведзена з турысцкімі і спартыўнымі мэтамі, у т. л. больш за 40 К.п. маракоў-адзіночак.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1—5. 3 изд. М., 1982—86.

І.​Я.​Афнагель.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НЧАНКА (Яўген Іванавіч) (н. 27.6.1943, г. Глазаў, Удмурція),

бел. спартсмен (плаванне). Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Засл. трэнер БССР (1976), СССР (1981). Чэмпіён і рэкардсмен Беларусі 1961—63 па плаванні. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1966). Трэнер зборных каманд Беларусі (1966—67), СССР (1975—84) па плаванні. З 1989 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1995 прарэктар. Аўтар навуч. і метадычных дапаможнікаў, у т. л. «Плаванне ў комплексе ГПА» (1976, з Г.​Э.​Васілеўскім), «Навука пра спартыўнае плаванне» (1993), «Тэорыя і практыка спорту» (ч. 1—3, 1996—97).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАННЕ Ў ЛА́СТАХ,

від падводнага плавання з аквалангам, плаванне ў ластах, ныранне ў ластах у даўжыню; від падводнага спорту. Спаборніцтвы па плаванні з аквалангам праводзяцца на дыстанцыях 100, 400 і 800 м; па плаванні ў ластах — на 100, 200, 400, 800 і 1500 м і на марафонскія дыстанцыі 8000 м для мужчын і 6000 м для жанчын; па ныранні ў ластах — на 50 м, эстафеты 4 × 100 і 4 × 200 м. Сярод бел. спартсменаў найбольш значных вынікаў дасягалі І.Бурая, Л.Говарава, Т.Назарава, В.​Зборшчык — чэмпіёнка СССР (1976, 1977), А.​Аляшкевіч — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), бронз. прызёр чэмпіянату свету (1998), А.​Ашэйчык і С.​Карунец — абс. чэмпіёны Беларусі (2000).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Афрыкі. Праводзяцца з 1965 Вышэйшым саветам спорту Афрыкі (уваходзяць каля 50 краін кантынента, 1987) пад апекай Міжнар. алімпійскага к-та. У праграме спаборніцтвы па баскетболе, барацьбе, боксе, валейболе, веласпорце, гандболе, дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, футболе і інш.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦЬЕ́ ((Cartier) Жак) (1491, Сент-Мало, Францыя — 1557),

французскі мараплавец. У 1534 здзейсніў 3 плаванні ў Паўн. Амерыку; зрабіў здымку і даследаваў в-аў Ньюфаўндленд, узбярэжжа Лабрадора, пралівы Бель-Іль і Кабата, зал. Св. Лаўрэнція і р. Св. Лаўрэнція, а-вы Антыкосты і Прынца Эдуарда.

т. 8, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВЕ́ЛА (італьян. caravella),

марское ветразевае судна з 3—4 мачтамі, адной палубай, высокімі бартамі і надбудовамі ў насавой частцы і на карме. Была пашырана ў краінах Міжземнага мора ў 13—17 ст. З 15 ст. на К. здзяйснялі акіянскія плаванні, напр., Х.Калумб — цераз Атлантычны ак., В. да Гама — з Еўропы ў Індыю.

Каравела.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙСМЮЛЕР, Вейсмюлер (Weissmuller) Джон

[сапр. Вайсцмюлер (Weiszmüller) Янаш; 2.6.1904, Фрайдорф, каля г. Тымішаара, Румынія — 20.1.1984],

амерыканскі спартсмен (плаванне). Алімпійскі чэмпіён 1924 (100 м, 400 м, эстафета 4 × 200 м) і 1928 (100 м, эстафета 4 × 200 м) у плаванні вольным стылем. Устанавіў 67 сусв. рэкордаў. У 1932—48 выканаўца гал. ролі ў 12 фільмах пра Тарзана.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,

від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.

П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.

На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.​Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.​Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МПЕЛ (галанд. wimpel),

1) раздвоены на канцы, доўгі і вузкі сцяг, які паднімаецца на ваен. суднах у плаванні. Разам з кармавым сцягам з’яўляецца адзнакай дзярж. прыналежнасці карабля.

2) Футляр з доўгай яркай стужкай, які выкарыстоўваюць для скідвання з самалётаў ці верталётаў данясенняў, карэспандэнцыі і інш. 3) Спец. знак (палотнішча з эмблемай або малюнкам, замацаванае на дрэўку), які ўручаюць на сустрэчах, спаборніцтвах і інш. мерапрыемствах.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)