АНАКРЭО́НТ, Анакрэон (Anakreōn),

старажытнагрэчаскі паэт-лірык сярэдзіны 6 ст. да н.э. Паходзіў з г. Тэас (М.​Азія). Жыў на в-ве Самасе, потым у Афінах. Ствараў гімны, элегіі, эпіграмы, бяседныя песні. Вершы пісаў на іанійскім дыялекце стараж.-грэч. мовы. Паэзія Анакрэонта вызначаецца жыццярадаснасцю, прыгажосцю формы і дасціпнасцю; асн. матывы — бестурботная весялосць, віно, каханне. Вершы на гэтыя тэмы пазней атрымалі назву анакрэантычных (гл. Анакрэантычная паэзія). Да творчасці Анакрэонта часта звяртаўся М.​Багдановіч.

Тв.:

Рус. пер. — Первое полное собр. соч. в переводах русских писателей / Сост. А.​Тамбовский. Спб., [1896];

у кн. Античная лирика. М., 1968. С. 71—79.

Анакрэонт.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЛАВЯ́НСКІ БАЗА́Р У ВІ́ЦЕБСКУ»,

традыцыйны міжнар. фестываль мастацтваў у Віцебску. Засн. ў 1992 як «Славянскі базар» («Славянскі кірмаш»), Арганізатары: мін-вы культуры Беларусі, Расіі, Украіны пры ўдзеле канцэртных і камерц. фірм. З 1998 сучасная назва, праводзіцца пад патранажам Вышэйшага Савета Саюза Расіі і Беларусі. Складаецца з конкурснай часткі (удзельнікі — маладыя выканаўцы краін СНД і Еўропы), а таксама з канцэртаў гасцей, членаў журы. У межах фестывалю праводзяцца нац. дні краін-заснавальніц, фалькл. фэсты з конкурсамі нар. рамёстваў і промыслаў, маст. вернісажы. шматлікія конкурсы, а таксама дзіцячыя фестывалі.

Літ.:

Славянский базар в Витебске: Первое десятилетие... Витебск, 2001.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

«Славянскі базар у Віцебску». 2000.
Да арт. «Славянскі базар у Віцебску». Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі на «Славянскім базары». 1996.

т. 14, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ, Саўнарком,

СНК, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады СССР — урад Савецкай дзяржавы. Упершыню абраны ў час Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 на 2-м Усерас. з’ездзе Саветаў 8.11.1917 як рабочы і сял. ўрад Расійскай Савецкай Рэспублікі. Паводле канстытуцыі 1918 наз. СНК РСФСР. У сувязі са стварэннем Саюза ССР у снеж. 1922 быў створаны саюзны ўрад — СНК СССР (зацверджаны на 2-й сесіі ЦВК СССР у ліп. 1923). Законам ад 15.3.1946 СНК СССР пераўтвораны ў Савет Міністраў СССР.

Старшынямі СНК СССР былі: У.​І.​Ульянаў (Ленін) (з 8.11.1917 старшыня СНК РСФСР, 6.7.1923—21.1.1924 — старшыня СНК СССР); А.І.Рыкаў (2.2.1924—19.12.1930), В.М.Молатаў (19.12.1930—6.5.1941), І.В.Сталін (6.5.1941—15.3.1946).

Літ.:

Нелидов А.А. История государственных учреждений СССР, 1917—1936 гг. М., 1962;

Первое советское правительство, окт. 1917 — июль 1918. М., 1991.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХАБІ́ТЫ,

паслядоўнікі вахабізму — рэліг.-паліт. руху ў суніцкім ісламе, што сфарміраваўся як апазіцыя ва ўмовах тур. панавання ў Недждзе (Цэнтр. Аравія) у сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік руху — Мухамед ібн Абд аль-Вахаб (1703—87; назва вахабіты ад яго імя), які заклікаў вярнуцца да чысціні ранняга ісламу і аскетызму племяннога жыцця. Вахабіты асуджалі раскошу і бяздзейнасць уладароў султанскай Турцыі, выступалі супраць пышных культаў святых, музыкі, ужывання віна, кавы, тытуню і інш. Карысталіся падтрымкай бедуінаў. Пасля смерці аль-Вахаба рух узначаліў Махамед Сауд, які распачаў актыўную заваёўніцкую дзейнасць. Яго прыхільнікі — саудзіды падпарадкавалі сабе большую ч. Аравіі са святымі ісламскімі гарадамі Медынай (1804) і Меккай (1806). Супраць Саудзідаў выступіў егіпецкі правіцель Мухамед Алі. Саудзіды змагаліся са сваімі праціўнікамі на працягу ўсяго 19 ст. У 1902 адноўлены вахабіцкі эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе. З 1932 дзяржава Саудзідаў наз. каралеўства Саудаўская Аравія, дзе вахабізм — афіц. ідэалогія.

Літ.:

Васильев А.М. Пуритане ислама? Ваххабизм и первое государство саудидов в Аравии (1744/45—1818). М., 1967.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)