Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКРЫ́ЦЦЕ,
1) у будаўніцтве — унутраная гарыз.агараджальная канструкцыя, якая раздзяляе па вышыні сумежныя памяшканні будынка. Адрозніваюць П. міжпаверхавае, паддашкавае, падвальнае, над праездамі і інш. Бываюць жалезабетонныя (у выглядзе зборных канструкцый, маналітных канструкцый, зборна-маналітных), на стальных бэльках, драўляныя, камбінаваныя. Найчасцей П. — комплексная канструкцыя з нясучай часткі (пліты, бэлькі), ізаляцыйных слаёў, падлогі, часам столі (як самаст. элемента П.).
2) У горнай справе — раздзяляльная канструкцыя, якая выкарыстоўваецца пры падземнай распрацоўцы пластоў карысных выкапняў вял. магутнасці. Раздзяляе пласты карыснага выкапня, які здабываецца, і абваленай горнай пароды. Бываюць шчытавыя (з жалезабетонных бэлек, труб), гнуткія (метал., палімерныя), міжпластавыя (насціл з бетонных пліт, метал. сеткі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУБА,
гарызантальнае перакрыцце ў корпусе судна. Складаецца з насцілу і набору (крапежныя і сувязныя бэлькі і інш.). Верхняя П. з’яўляецца асн. падоўжанай сувяззю корпуса, якая забяспечвае яго агульную трываласць і папярочную жорсткасць. Ніжнія П. служаць для падзелу грузавых памяшканняў па вышыні (на грузавых суднах), размяшчэння пасажыраў (на пасаж. суднах), тэхнал. абсталявання (напр., на рыбаапрацоўчых суднах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ЎНІК,
памяшканне для зімовага ўтрымання пчаліных сямей у раёнах з халодным кліматам. Размяшчаюць на сухім участку, зацішным ад ветру. Адрозніваюць З. наземныя, паўпадземныя і падземныя. Іх памеры вызначаюцца колькасцю пчаліных сямей і тыпам вуллёў. Аптымальная т-ра ў памяшканні 0—4 °C, вільготнасць 75—85%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1916 з цэглы ў г. Вілейка Мінскай вобл. Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 2-ярусная званіца (чацвярык на прамавугольным прытворы), завершаная 8-гранным шатром з цыбулепадобным купалком, трапезная, асн. аб’ём з бакавымі прыдзеламі накрыты 4-схільным дахам з 5 купаламі, паўкруглая апсіда. Гал. ўваход вырашаны лучковым праёмам з круглым акном над ім. У дэкоры выкарыстаны формы стараж.-рус. дойлідства (бочкападобнае перакрыцце прыдзелаў, кілепадобныя ліштвы вокнаў, аркатура, парэбрык, філёнгі). Іл.гл. да арт.Вілейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКА (ад лац. arcus дуга, выгін),
у архітэктуры крывалінейнае перакрыцце праёма ў сцяне ці прасторы паміж 2 апорамі (слупамі, калонамі, пілонамі і г. д.).
Каменныя аркі ўпершыню з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Усходу. Пашыраны ў ант. Рыме, важны арх.-канструкцыйны і дэкар. элемент у архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Робяць аркі з каменю, жалезабетону, металу, цэглы, дрэва. Паводле формы крывой адрозніваюць аркі: паўкруглыя, ці паўцыркульныя (найб. пашыраны від), спічастыя (характэрны для стылю готыкі), падковападобныя (пашыраны ў архітэктуры араб. краін), кілепадобныя (у выглядзе какошніка), шматлопасцевыя, паўзучыя (з апорамі рознай вышыні) і інш. У сучасным буд-ве аркі выкарыстоўваюць як нясучыя элементы пралётных збудаванняў, мастоў, пуцеправодаў. Гл. таксама Аркада, Аркатура, Аркбутан.
Аркі: 1 — паўцыркульная; 2 — з замковым каменем; 3 — спічастая; 4 — трохлопасцевая.Аркі брамы Кальварыйскага касцёла ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «ДОМ БАЯ́РЫНА».
Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.
Літ.:
Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АНСССР. 1964. Вып. 99;
Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАФО́Н (ад франц. plafond столь) у мастацтве, столь, упрыгожаная жывапісам ці лепкай; твор манум.-дэкар. мастацтва, які аздабляе перакрыцце (плоскае, скляпеністае ці купальнае) памяшкання. Выконваецца непасрэдна па тынку (фрэска або размалёўка алейнымі, клеявымі і інш. фарбамі), на прымацаваным да столі палатне, мазаікай і інш. спосабамі. Вядомы ў Стараж. Егіпце, ант. свеце. На Беларусі сюжэтныя і арнаментальныя П. пашыраны ў 17 — пач. 19 ст. у дэкар. аздабленні культавых і парадных палацавых памяшканняў (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Для тагачасных плафонных кампазіцый характэрна выкарыстанне эфекту ілюзорнага прарыву ў адкрытую ці прадоўжаную далей арх. прастору, выявы фігур і арх. дэталей у моцных ракурсах. У 1950-я г. выкарыстоўваліся ў манум. грамадскіх збудаваннях (П. ў фае т-ра юнага гледача ў Мінску, маст. І.Ахрэмчык, І.Давідовіч).
Т.В.Габрусь.
Плафон «Геба і Арфей» у Кітайскім палацы ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.Плафон цэнтральнага нефа ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),
выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).