ЛІТО́ЎСКАГА ПІЯНЕ́РНАГА БАТАЛЬЁНА ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1825.

Адбылося 24.12.1825 у мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (зараз на тэр. Польшчы) пад кіраўніцтвам тайнай арг-цыі «Ваенныя сябры» з мэтай сарваць прысягу батальёна цару Мікалаю I. У 8 гадз раніцы батальён (1020 чал. з 1109 па спісе) быў пастроены на зборным месцы. Пасля зачытання маніфеста аб уступленні на прастол Мікалая I салдаты пад кіраўніцтвам ротных камандзіраў адмовіліся ад прысягі. Камандзір батальёна Обручаў намагаўся пераканаць салдат прыняць прысягу, пагражаў адправіць салдат у Сібір. Потым загадаў ротам адправіцца на свае кватэры па вёсках і паслаў у штаб корпуса данясенне. 25 снеж. ў Бранск прыбыў нач. штаба Літоўскага асобнага корпуса Н.​А.​Вельямінаў, пад уздзеяннем якога 26 снеж. батальён і яго каманды прынеслі прысягу. Кіраўнікі выступлення былі арыштаваны і пакараны ўладамі.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЦЕЛ (Юзаф) (20.9.1764—18.7.1810),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.​Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.​Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.​Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),

дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.

.: Рус. пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)