КАЦЯРЫ́НА II (Аляксееўна) (сапр. Софія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбсцкая; 2.5.1729, г. Шчэцін, Польшча — 17.11.1796),
расійская імператрыца [1762—96]. З 1745 жонка Пятра III. Маці Паўла I. 9.7.1762 з дапамогай гвардыі скінула з прастола мужа. Праводзіла актыўную ўнутр. (асветны абсалютызм, Генеральнае межаванне, Даравальная грамата 1785, задушэнне Сялянскай вайны 1773—75 і інш.) і знешнюю (Варшаўскі дагавор 1768, рус.-тур. войны 1768—74 і 1787—91, рус.-швед. вайна 1788—90, неўмяшанне Расіі ў вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, удзел Расіі ў падзелах Рэчы Паспалітай, далучэнне да Рас. імперыі бел. і інш. зямель) палітыку. Займалася літ. творчасцю і публіцыстыкай.
Тв.:
Рус.пер. — Записки императрицы Екатерины II. М., 1990 (Рэпрынт. перадрук: Лондон, 1859).
Літ.:
Россия XVIII в. глазами иностранцев. Л., 1989;
Андреев В. Представители власти в России после Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г.Мн., 1990;
Каменский А.Б. «Под сению Екатерины...»: Вторая половина XVIII в. СПб., 1992;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ»,
«Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...», найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.М.Сазонаў (вып. 1—16), М.М.Мяшчэрскі і М.Л.Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.І.Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал.ч.сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.
Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.М.Пржавальскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (9 6.1881, г. Шаўляй, Літва — 20.8.1919),
бел.паліт. дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст. Брат А.І.Луцкевіча. Вучыўся ў Лібаўскай (Ліепайскай) і Мінскай гімназіях, Маскоўскім археал. ін-це, Пецярбургскім ун-це. Адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў бел.культ.-асв., грамадска-паліт. руху на пач. 20 ст. Удзельнічаў у стварэнні «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», Беларускай сацыялістычнай грамады, газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», выд-ва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых бел. школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), Віленскай бел. гімназіі (1919), Бел.навук.т-ва (1918). Збіральнік і даследчык бел. старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. З А.Луцкевічам, В.Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзярж. самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзярж. уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Бел.Нар. Рэспублікі ў яе этнагр. межах. 3 яго ўдзелам і па яго ініцыятыве пытанне аб нац. самавызначэнні бел. народа ўпершыню прагучала на міжнар. форумах — канферэнцыі сацыяліст. і рэв. партый (Фінляндыя, 1906), Славянскім з’ездзе прагрэс. студэнтаў (Прага, 1908), міжнар. канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Паўплываў на творчы лёс Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага і інш. Аўтар навукова-публіцыст. прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навук. ўжытак помнікі старабел. л-ры 16 ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб» (1920). Памёр у г. Закапанэ (Польшча), перапахаваны ў 1991 у Вільні. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918. № 70 (перадрук Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2);
Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.
Літ.:
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Яго ж. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Мн., 1992;
Станкевіч А Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай беларускай гімназіі // 25-лецце беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944.
Вільня, 1944; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994; Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983; Гужалоўскі А Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца: Іван Луцкевіч — збіральнік бел. старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10; Каваль А. [Каўка А.] Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларуска = Albaruthenina. Мн., 1993. Вып. 1; Лабынцаў Ю.А. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.