ЧАСО́ВЫ РАБО́ТНІК,

асоба, прынятая на работу на пэўны тэрмін. Тэрмін не павінен перавышаць 2 мес, а для замяшчэння часова адсутных работнікаў, за якімі захоўваецца іх месца работы, — да 4 мес. Адрозніваюць Ч.р. і сезонных, што прыняты на пэўны сезон года, які не перавышае 6 мес (напр., перапрацоўка агародніны і садавіны).

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСА ПРА́ВІЛА ФАЗ,

агульная ўмова раўнавагі гетэрагеннай сістэмы. Паводле Гіпса правіла фаз у гетэрагеннай (макраскапічна неаднароднай) фізіка-хім. сістэме, што знаходзіцца ва ўстойлівай тэрмадынамічнай раўнавазе, колькасць фаз не можа перавышаць колькасці кампанентаў, павялічаных на 2. У аднакампанентнай сістэме (індывідуальнае рэчыва, напр., вада) у раўнавазе могуць знаходзіцца 3 фазы: пара (газападобная фаза), вада (вадкая фаза) і лёд (цвёрдая фаза). Устаноўлена Дж.У.Гібсам у 1873—76.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗГАРА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

сумесі для падпальвання піратэхнічных саставаў і цвёрдага ракетнага паліва. Лёгка загараюцца ад параўнальна малога цеплавога імпульсу. Вызначаюцца высокай цеплатой згарання; т-ра гарэння У.с. павінна не менш чым на 200 °C перавышаць т-ру ўзгарання матэрыялу, што падпальваюць. Маюць гаручае (звычайна парашкі металаў — тытану, цырконію, магнію), акісляльнік (найб. пашыраны калію нітрат KNO3), сувязнае (каніфоль, каўчукі, эпаксідныя смолы і інш.). Вырабляюцца ў выглядзе гранул, таблетак, шашак.

т. 16, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКЛА́Ў (ад лац. conclave зачынены пакой),

сход кардыналаў, які збіраецца для выбрання папы рымскага пасля смерці яго папярэдніка. Парадак правядзення К. ўстаноўлены ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы папам Грыгорыем X. Адбываецца праз 18 дзён пасля смерці папы ў ізаляваным ад навакольнага свету памяшканні закрытым галасаваннем. Для выбрання папы патрабуецца ​2/3 галасоў удзельнікаў (колькасць не павінна перавышаць 120) плюс 1 голас. К. называецца таксама памяшканне Сіксцінскай капэлы, дзе адбываюцца выбары.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТРЫМА́ННЕ ў крымінальным працэсе,

кароткатэрміновая мера прымусу, што ўжываецца да асобы, якая падазраецца ва ўчыненні злачынства, з мэтай высвятлення дачынення затрыманага да злачынства і вырашэння пытання пра магчымы (у выпадку неабходнасці) яго арышт. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін З. не можа перавышаць 72 гадз. Орган дазнання або следчы абавязаны на працягу 24 гадз паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадз з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго.

С.​С.​Груша.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ ВО́ЛІ,

адзін з відаў крымінальнага пакарання, які заключаецца ў ізаляцыі асуджанага ад грамадства шляхам накіравання яго ў папраўчую калонію з адпаведным рэжымам утрымання. У праве Рэспублікі Беларусь П.в. ўстанаўліваецца на тэрмін ад 6 месяцаў да 25 гадоў. За злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях, і за інш. асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца пажыццёвае зняволенне. Пры назначэнні пакарання асобе, якая не дасягнула 18 гадоў, тэрмін П.в. не павінен перавышаць 10 гадоў, а адбыванне пакарання назначаецца ў выхаваўчай калоніі.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т УЛАДЗІ́МІРА МАНАМА́ХА 1113,

законы вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха 11113—25], змешчаныя ў пашыранай рэдакцыі Рускай праўды. Прыняты прадстаўнікамі вышэйшай феад. знаці ў с. Берастова каля Кіева пасля ўступлення Уладзіміра Манамаха на велікакняжацкі прастол. Статут складаецца з 69 артыкулаў, якія змяшчаюць нормы крымін., цывільнага і суд. права. Пад уплывам Кіеўскага паўстання 1113 статут рабіў некат. ўступкі гар. нізам: вызначаліся крыніцы халопства (гл. Халопы), некалькі абмяжоўвалася ўлада гаспадара над закупамі, ліхвярскі працэнт не мог перавышаць 25% гадавых, забаранялася ператвараць у раба неплацежаздольнага купца-даўжніка, калі ён стаў такім з-за няшчаснага выпадку.

т. 15, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТРЫМА́ННІ З ЗАРАБО́ТНАЙ ПЛА́ТЫ,

устаноўленыя заканадаўствам падставы, пры якіх па распараджэнні наймальніка з работніка можа быць утрымана частка яго заробкаў. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь утрыманні для пагашэння запазычанасці наймальніку могуць рабіцца: для вяртання авансу, выдадзенага ў кошт зарплаты, а таксама сум, што залішне выдадзены ў выніку падліковых памылак; для пагашэння непатрачанага авансу на службовую камандзіроўку або перавод у інш. мясцовасць, на гасп. патрэбы — калі работнік не аспрэчвае падставы і памер утрыманняў; пры звальненні работніка, які выкарыстаў працоўны водпуск, — за неадпрацаваныя дні водпуску; пры пакрыцці шкоды, нанесенай наймальніку па віне работніка. Памеры ўтрыманняў рэгламентуюцца заканадаўствам і не могуць перавышаць 50% пры кожнай выплаце зарплаты.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),

1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.

Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял. скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.

2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.

Інжэктар: 1 — вадзяны конус, куды паступае сілкавальная вада; 2 — параправод; 3 — паравы конус; 4 — нагнятальны конус; 5 — зваротны клапан.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕНЬ,

светлая частка сутак паміж усходам і захадам верхняга краю Сонца. Працягласць (даўжыня) Д. залежыць ад геагр. шыраты месца і схілення Сонца. На зямным экватары даўжыня Д. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і Зямлі — больш за 12 гадз пры дадатным схіленні Сонца (вясной і летам) і менш за 12 гадз пры адмоўным схіленні (увосень і зімой).

Найб. даўжыня Д. ў Паўн. паўшар’і бывае ў Дз. летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.), найменшая — у Дз. зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.). За палярным кругам даўжыня Д. летам можа перавышаць 24 гадз (палярны Дз.), на полюсах — Дз. цягнецца паўгода. Самы доўгі Дз. у Мінску складае 17 гадз 11 мін, самы кароткі — 7 гадз 21 мін. Часта Д. называюць суткі.

т. 6, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)