ААМЫ́НЬ

(партуг. Макао),

тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц.г. Аамынь. Нас. 497 тыс. чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш. Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.

Тэр. Аамыня са стараж. часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.

Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сць тэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар. гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн. гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.

Ю.В.Ляшковіч, У.С.Кошалеў.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́ДАС

(Barbados),

дзяржава на аднайм. востраве ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх а-воў, у Атлантычным ак. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 431 км². Нас. 300 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Брыджтаўн. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліст.).

Дзяржаўны лад. Фармальна канстытуцыйная манархія, чл. брытанскай Садружнасці. Дзейнічае Канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены прызначаным ім ген.-губернатарам. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму парламенту з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Востраў складзены з вапнякоў, абкружаны каралавымі рыфамі. Паверхня ўзнімаецца тэрасамі да выш. 340 м над узр. м. Невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў да 1400 мм за год, дажджлівы сезон з чэрв. да лістапада. Частыя ўраганы. Глебы — вельмі ўрадлівыя Карычнева-чырвоныя латэрыты. Прыродная расліннасць амаль не захавалася.

Насельніцтва. Каля 80% негры, 16% мулаты, 4% еўрап. паходжання. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 700 чал. на 1 км². Каля палавіны насельніцтва гарадское, амаль усё ў г. Брыджтаўн і яго прыгарадах. Сярэдняя працягласць жыцця 75,3 года (1992).

Гісторыя. З першых стагоддзяў нашай эры на востраве жылі індзейскія плямёны аравакаў і карыбаў. У 1518 яго адкрылі іспанцы і назвалі Барбадас (ад ісп. barbudo барадаты; з-за мноства фігавых дрэў, абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі). Іспанцы вывозілі мясц. індзейцаў як рабоў на в-аў Гаіці. У 1625 Барбадас захапілі і каланізавалі англічане, яны стваралі плантацыі па вырошчванні тытуню і бавоўніку, для працы на якіх прывозілі з Афрыкі неграў-рабоў У 1628 засн. г. Брыджтаўн. З 1652 Барбадасам кіраваў англ. губернатар. У 2-й пал. 17 ст. гаспадарка вострава пераарыентавана на вырошчванне цукр. трыснягу (у 1680 Англія атрымала тут 60% імпарту цукру). Да 1838 (адмена рабства) Барбадас — перавалачны пункт у англ. гандлі рабамі-неграмі У 1948 нац.-дэмакр. сілы дамагліся ўвядзення на востраве абмежаванага ўнутр. самакіравання, у 1950 — усеаг. выбарчага права. У 1958—62 Барбадас уваходзіў у Вест-Індскую федэрацыю, з 1961 меў поўнае самакіраванне, 30.11.1966 атрымаў незалежнасць.

Барбадас — чл. ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва і інш., мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць партыі: Барбадаская лейбарысцкая, Дэмакр. лейбарысцкая, Рабочая, Нац. дэмакр.; прафс. аб’яднанне Саюз рабочых Барбадаса.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм і вытв-сць цукру. У сельскай гаспадарцы занята 8,5% насельніцтва, ствараецца 7,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і каля палавіны экспарту. У земляробстве выкарыстоўваецца 77% тэр. Барбадаса. Каля палавіны пасяўных плошчаў занята пад цукр. трыснягом, роля якога ў гаспадарцы паступова памяншаецца. З 1960-х г. развіваецца баваўнаводства. Вырошчваюць таксама кукурузу, тытунь, батат, маніёк, трапічную садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, козаў і авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць перапрацоўчыя галіны. Здабыча нафты (каля 100 тыс. т штогод), прыроднага газу (каля 20—30 млн. м³), вапняку. Вытв-сць электраэнергіі — штогод каля 0,5 млрд. кВт·гадз. Традыцыйныя галіны вытв-сці: харч. (вытв-сць цукру — каля 100 тыс. т штогод, рому, патакі, садавінна-кансервавых, тытунёвых і мяса-малочных вырабаў), тэкст., швейная, вытв-сць цацак. Развіваюцца зборка з імпартных дэталяў складаных вузлоў і кампанентаў для электронікі, а таксама мэблевая, цэлюлозна-папяровая, лакафарбавая галіны прам-сці. Працуюць нафтаперапр. і цэм. з-ды. Замежны турызм дае каля 15% ВУП, абслугоўваннем турыстаў занята каля 20% насельніцтва. У апошнія гады развіваюцца страхавая справа і міжнар. банкаўская сфера. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 2,5 тыс. км. Асн. марскі порт — Брыджтаўн, каля яго — міжнар. аэрапорт. Імпарт (дэталі і паўфабрыкаты, машыны і абсталяванне, паліва, харч. прадукты) перавышае экспарт (электроннае абсталяванне, цукар-сырэц, патака, ром, адзенне) больш як у 3 разы. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Венесуэла. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.

Літ.:

Санин Л.О. Барбадос. М., 1988.

І.В.Загарэц (гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)