Пеленг 8/371

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЛЕНГ (ад галанд. peilling) у навігацыі, напрамак ад назіральніка на які-н. аб’ект; тое, што азімут. Вызначаецца вуглом паміж плоскасцю мерыдыяна і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз месца назіральніка (напр., цэнтр компаса) і аб’ект назірання. У адпаведнасці з назвай мерыдыяна, ад якога ён адлічваецца, П. наз. сапраўдным, магнітным ці компасным. У кругавой сістэме лічэння П. адлік вядзецца ў вуглавых градусах ад паўн. напрамку мерыдыяна ўздоўж ходу гадзіннікавай стрэлкі. Прылада для вызначэння П. на знешнія арыенціры (напр., берагавыя, плывучыя ці нябесныя аб’екты) наз. пеленгатарам. Гл. таксама Пеленгацыя, Радыёпеленгацыя.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁМАЯ́К,

пераважна наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) перадавальная радыёстанцыя, па радыёсігналах якой на борце судна, самалёта і інш. рухомага аб’екта можна вызначыць напрамак на яе (пеленг). Адрозніваюць амплітудныя (найб. пашыраныя), фазавыя, частотныя і інш. Р.; накіраванага (даюць магчымасць пеленгацыі толькі з пэўных напрамкаў, курсаў, зон) і ненакіраванага (пеленгуюцца з любых напрамкаў) дзеяння.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ О́ПТЫКА-МЕХАНІ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БелОМА). Створана ў 1971 на базе Мінскага мех. з-да

(галаўное прадпрыемства, працуе з 1957, выпускаў фотаапараты і станкі для апрацоўкі аптычных дэталяў). Уключае з-ды «Зеніт» (г. Вілейка),

«Дыяпраектар» (г. Рагачоў), «Свет» (г. Жлобін) і ЦКБ «Пеленг» (г. Мінск). Спецыялізуецца па выпуску фота-, відэа-, дыяпраектарнай, мед. і экалагічнай тэхнікі, назіральных прылад, оптыкі для акуляраў, перыферыйных устройстваў для вылічальнай тэхнікі, а таксама оптыка-электронных сістэм абарончага прызначэння.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),

знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм. навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.

Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.

Літ.:

Теоретические основы радиолокации. М., 1970;

Справочник по радиолокации: Пер. с англ. Т. 1—4. М., 1976—79.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.
Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)