ПЕ́ЛЕНГ (ад галанд. peilling) у навігацыі, напрамак ад назіральніка на які-н. аб’ект; тое, што азімут. Вызначаецца вуглом паміж плоскасцю мерыдыяна і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз месца назіральніка (напр., цэнтр компаса) і аб’ект назірання. У адпаведнасці з назвай мерыдыяна, ад якога ён адлічваецца, П. наз. сапраўдным, магнітным ці компасным. У кругавой сістэме лічэння П. адлік вядзецца ў вуглавых градусах ад паўн. напрамку мерыдыяна ўздоўж ходу гадзіннікавай стрэлкі. Прылада для вызначэння П. на знешнія арыенціры (напр., берагавыя, плывучыя ці нябесныя аб’екты) наз. пеленгатарам. Гл. таксама Пеленгацыя, Радыёпеленгацыя.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)