захворванне, абумоўленае недастатковасцю ў арганізме або няпоўным засваеннем ім нікацінавай кіслаты, трыптафану, рыбафлавіну. Пашкоджвае скуру (дэрматоз), страўнікавы тракт, парушае псіхіку. Часцей хварэюць дарослыя. Паталогія страўнікава-кішачнага тракту (энтэрыты, лямбліёз) зніжае забяспечанасць арганізма нікацінавай к-той. Фактары, якія павялічваюць патрэбу ў нікацінавай к-це — цяжарнасць, цяжкая фіз. праца, ператамленне. П. часцей бывае ў вясенне-летні перыяд. Прыкметы: на скуры сім. высыпка эрытэматозных плям (нагадваюць сонечны дэрматыт), скура набывае шэры колер, робіцца сухой, шурпатай, з тлустымі лускаватымі адкладамі, развіваецца атрафія, гіперпігментацыя. На плямах утвараюцца пухіркі, язвы, якія павольна рубцуюцца. Змены нерв. сістэмы: апатыя, вяласць, полінеўрыты, сутаргі і інш. Неабходна адрозніваць ад парфірыі скуры, таксідэрміі, фотадэрматозу. Хварэюць таксама жывёлы. Лячэнне: вітаміна- і дыетатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІТАМІНО́ЗЫ (ад а... + вітаміны),
група захворванняў, якія развіваюцца пры працяглай адсутнасці вітамінаў у ежы, парушэнні іх засваення або прыгнечанні сінтэзу ў арганізме. Недахоп вітамінаў можа ўзнікнуць у зімова-вясновы перыяд, пры вял.фіз. нагрузках, інфекцыйна-вірусных захворваннях, з узростам. Пры працяглым недахопе або адсутнасці вітаміну С развіваецца цынга, B1 — беры-беры, D — рахіт, PP — пелагра. Часцей сустракаецца адначасовая недастатковасць некалькіх вітамінаў — поліавітаміноз. Прафілактычныя меры: ужыванне вітамінных прэпаратаў, вітамінізацыя ежы, правільнае захоўванне і кулінарная апрацоўка харч. прадуктаў.